Беларуская Служба

Міністр Сікорскі ў праграмнай прамове пра Беларусь: «Мы не губляем надзеі, хоць мы і не наіўныя»

23.04.2025 12:56
Сярод іншага, міністр далажыў, што завяршаецца будаўніцтва новай амбасады ў Мінску.
Радаслаў Сікорскі расказаў у Сейме пра стан замежнай палітыкіPAP/Leszek Szymański

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сваёй праграмнай прамове (у Сейме і ў прысутнасці прэзідэнта Анджэя Дуды) пракаментаваў сітуацыю ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што Польшча, па-ранейшаму, верыць у магчымасць дэмакратычных зменаў у Беларусі, але пры гэтым застаецца рэалістам у ацэнцы цяперашніх уладаў.

«Мы не губляем надзеі, калі гаворка ідзе пра лёс Беларусі, хоць, вядома, мы не наіўныя. Мы рэалістычна ацэньваем праўленне Аляксандра Лукашэнкі, які паставіў сваю краіну ў залежнасць ад Крамля», – сказаў міністр.

Сікорскі нагадаў, што беларускае грамадства, у тым ліку каля тысячы чалавек польскага паходжання, заслугоўваюць свабоды і будучыні, заснаванай на дэмакратычных каштоўнасцях.

«Мы патрабуем вызвалення палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута», - падкрэсліў ён.

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што Польшча імкнецца да таго, каб «пытанні падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці займалі важнае месца ў парадку дня Еўрасаюза». «Месца беларусаў — у аб’яднанай Еўропе», - заявіў Сікорскі.

Міністр таксама распавёў пра ролю польскіх замежных СМІ ў прадастаўленні дакладнай інфармацыі ў рэгіёне:

«Замежны медыяцэнтр для замежжа, які аб’ядноўвае рэдакцыі тэлеканалаў «Белсат», «Вот так», «Slawa» і «TVP World», прадстаўляе польскі пункт гледжання і замяняе расійскую прапаганду аб’ектыўнай інфармацыяй».

Паводле Сікорскага, мільёны гледачоў, якія глядзяць гэтыя каналы ў краінах былога СССР, сведчаць пра рэальны попыт на надзейныя навіны. Польшча хоча заахвоціць партнёраў з ЕС павялічыць падтрымку гэтых СМІ.

«Мы стараемся зацікавіць нашых партнёраў з Еўрасаюза магчымасцямі гэтых станцый, каб павялічыць іх фінансаванне і пашырыць сферу дзейнасці», — адзначыў ён.

Напрыканцы міністр далажыў аб ходзе дыпламатычнай дзейнасці і распавёў, што завяршаецца будаўніцтва новай амбасады ў Мінску.

ав