Намеснік старшыні ніжняй палаты польскага парламенту Сейму Маўгажата Гасеўска, якая прадстаўляе правячую права-кансерватыўную партыю ’’Права і справядлівасць’’, выказала спадзяванне, што нядаўнія выбары ва Украіне могуць паўплываць на змену гістарычнай палітыкі гэтай краіны. Маўгажата Гасеўска спадзяецца на двухбаковыя перамовы па гэтым пытанні.
’’Я чакаю зменаў ва ўкраінскай палітыцы па гэтым пытанні. Вядома, бліжэйшыя тыдні і месяцы пакажуць, ці нашыя спадзяванні і надзеі правільныя і ці сапраўды адбудуцца змены. Аднак, мне падаецца, што прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі вельмі прагматычны чалавек’’.
Міністэрства замежных спраў Польшчы паведаміла, што з задавальненнем назірала за мірнай хадою парламенцкіх выбараў ва Украіне. МЗС Польшчы ў сваёй афіцыйнай заяве паведаміла, што выбары адбыліся паводле міжнародных дэмакратычных стандартаў. Польскі бок спадзяецца, што паўстанне новага кансалідаванага ўраду прыспешыць еўраатлантычную інтэграцыю Украіны.
IAR/эж