Завод польскіх электрамабіляў Izera у Явожне, што ў Сілезскім ваяводстве на поўдні Польшчы, будзе выпускаць каля 150 тысяч аўтамабіляў у год, паведаміў старшыня праўлення кампаніі ElectroMobility Poland Пётр Зарэмба. Паводле, падпісанага 15 снежня, пагаднення, будаўніцтва заводу павінна пачацца ў другой палове наступнага года, а першы электрамабіль павінен выйсці з канвеера ўжо ў 2024 годзе.
Пётр Зарэмба заявіў, што Izera будзе даступная ў некалькіх варыянтах: гэтчбэк, пазадарожнік ды ўніверсал. Новы аўтамабіль будзе канкурэнтаздольным на сусветным рынку:
- Izera будзе добрым, якасным аўтамабілем. Які па сваіх якасцях і характарыстыкам будзе не горшы за канкурэнтаў. Гэта машына будзе прадавацца на вельмі добрых умовах растэрміноўкі, у якую ўвойдзе таксама кошт электрычнасці. Мы плануем, што месячная плата па растэрміноўцы будзе меншая, чым у класічным аўтамабілі такога класу.
Кошт стварэння польскага электрамабіля Izera складзе каля пяці мільярдаў злотых (1,1 млрд еўра), з якіх два мільярды злотых паглыне будаўніцтва заводу ў Явожне. Дзякуючы новай фабрыцы, працу знойдзе каля пятнаццаці тысяч чалавек, у тым ліку тры тысячы непасрэдна на заводзе ў Явожне і дванаццаць тысяч у пастаўшчыкоў і кааператараў.
Польскі электрамабіль названы ў гонар ракі Ізэра, якая працякае на тэрыторыі Чэхіі і па якой праходзіць невялічкі адрэзак дзяржаўнай мяжы з Польшчай.
iar/эж