Беларуская Служба

Польскае МЗС: Расія свядома нарошчвае напружанасць у адносінах з Захадам

26.04.2021 15:12
Апошнім часам Расія правяла ваенныя вучэнні на мяжы з Украінай і выслала, між іншым, польскіх і чэшскіх дыпламатаў.
Marcin Przydacz
Marcin Przydacztwitter.com/MSZ_RP

Да напружанасці на лініі Захад-Расія прычыняецца агрэсіўная палітыка Крамля, лічыць намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач (Marcin Przydacz). Ён нагадаў, што апошнім часам Расія правяла ваенныя вучэнні на мяжы з Украінай і выслала заходніх дыпламатаў, у тым ліку з Польшчы і Чэхіі.

Марцін Пшыдач заявіў у эфіры TVP Info, што Расія свядома нарошчвае напружанасць у адносінах з Захадам:

- Трэба задумацца, што з’яўляецца прычынай. Прычына - гэта агрэсіўная палітыка не толькі ў дачыненні да Захаду. Гаворка ідзе пра кібератакі, спробы ўмяшальніцтва ў выбары, актыўнасць расійскай выведкі. Гаворка ідзе таксама пра палітыку на Усходзе Еўропы – на Крыме, а таксама тэракт на тэрыторыі Чэхіі.

Нагадваем, 17 красавіка Чэхія абвясціла аб высылцы з краіны 18 супрацоўнікаў пасольства Расійскай Федэрацыі ў Празе. Чэхі палічылі дыпламатаў супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў, якія мелі дачыненне да выбуху складоў боепрыпасаў у Врбеціцах у 2014 годзе, у выніку чаго загінулі два чалавекі. У адказ Міністэрства замежных спраў Расіі палічыла непажаданымі 20 супрацоўнікаў пасольства Чэхіі ў Маскве і загадала ім пакінуць краіну.

аз