Беларуская Служба

Ціханоўская, Кавалькова і сястра Калеснікавай адкрылі «Мурал для Беларусі» ў Вроцлаве

05.06.2021 17:21
Мурал, распрацаваны беларускай мастачкай Ганнай Радзько, паказвае постаць жанчыны, апранутай у сцяг.
Аўдыё

Святлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова і сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці «Муралу для Беларусі».

Мурал, распрацаваны беларускай мастачкай Ганнай Радзько, паказвае постаць жанчыны, апранутай у сцяг, якая сімвалізуе барацьбу беларусаў за свабоду.

- Я заўжды ведала, што ў Беларусі вельмі шмат таленавітых людзей, смелых, творчых і здольных на такую прыгажосць, як вось гэты мурал створаны на аснове працы мастачкі Ганны Радзько. Я шчыра кажучы, нават не магла сабе ўявіць як творчасць можа так аб'ядноўваць людзей, – сказала Святлана Ціханоўская.

«Пасля 2020 году мы можам ганарыцца, тым што мы беларусы», – казала ў Вроцлаве член Каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова.

- Аляксандр Лукашэнка хоча забраць у нас усё. Ён хацеў забраць і знішчыць наш сцяг, але што адбылося пасля 2020 году? – ён стаў сцягам большай і большай колькасці людзей, чым ён мог сабе падумаць. Ён хацеў зйнішчыць нас як нацыю, як людзей, але зрабіў усё, каб гэтая нацыя стала такой моцнай, пра якую зараз кажа ўвесь свет. Увесь свет ведае хто такія беларусы, дзе знаходзіцца Беларусь.

Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч звярнулася да сабраных беларусаў і да палякаў.

- Голас беларусаў пачулі ва ўсім свеце і гэта таксама дзякуючы ўсім беларусам кожнай краіны, кожнага гораду, якіх кожны тыдзень чуваць па ўсім свеце. Я хачу сказаць «дзякуй вам усім» за тое, што вы працягваеце свае дзеянні, за тое, што вы паказваеце сваю салідарнасць з беларусамі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Я таксама хачу падзякаваць уладам Польшчы і іншым краін ЕС за тое, што яны падтрымліваюць памкненні беларусаў да свабоды. І канешне мы не павінны спыняцца дзеля тых, хто зараз знаходзіцца за кратамі, дзеля тых, хто зараз пакутуе знаходзячыся ў Беларусі.

Мурал у Вроцлаве нагадвае пра ўзнагароду Сахарава «За свабоду думкі», якую ў 2020 годзе прысудзіў беларускай дэмакратычнай апазіцыі Еўрапейскі парламент.

Мурал паўстаў у сакавіку на фасадзе шматпавярховага дома па вуліцы Легніцкай (Legnicka) у Вроцлаве.

яс

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы