Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблонскі (Paweł Jabłoński) заявіў, што расце міграцыйны ціск на польска-беларускай мяжы. Госць Польскага радыё 24 звярнуў увагу, што гэта наўмысная акцыя Аляксандра Лукашэнкі, які такім чынам спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю ў еўрапейскіх краінах:
- Гэты міграцыйны ціск не з’яўляецца натуральнай з’явай. Гэта запланаванае, падступнае дзеянне рэжыму Лукашэнкі, які такім чынам плануе дэстабілізаваць сітуацыю ў еўрапейскіх краінах, якія лічыць сваімі ворагамі. На шчасце, нашая мяжа бяспечна, паколькі мы прадпрынялі адпаведныя меры значна раней. Тым ня менш гэты ціск можа павялічвацца.
Апошнім часам на мяжы Еўрапейскага Саюза з Беларуссю значна павялічылася колькасць нелегальных мігрантаў, у тым ліку з Ірака, Сірыі і Афганістана. Большасць з іх спрабавалі патрапіць у Літву. Улады краіны абвінавацілі Беларусь у арганізацыі кантрабанды людзей.
IAR/аз