Беларуская Служба

Кошт польскага плота на мяжы з Беларуссю складзе каля 350 мільёнаў еўра

14.10.2021 09:32
Улады пераконваюць, што будаўніцтва агароджы неабходнае, паколькі на мяжы па-ранейшаму існуе высокая рызыка правакацый з беларускага боку.
Paweł Jabłoński
Paweł JabłońskiWojciech Kusiński / Polskie Radio

У бліжэйшыя дні будзе прадстаўлены план фінансавання будаўніцтва новай сістэмы бяспекі на польска-беларускай мяжы, паведаміў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблоньскі(Paweł Jabłoński). Кошт інвестыцый складзе 1,6 мільярда злотых(амаль 350 мільёнаў еўра). Гэта будзе спецыяльная агароджа, якая павінна ахоўваць польскую мяжу і знешнюю мяжу Еўрасаюза ад нелегальных мігрантаў.

Павел Яблоньскі нагадаў, што на мяжы па-ранейшаму існуе высокая рызыка правакацый з беларускага боку:

- Арганізатары гэтай акцыі імкнуцца да дэстабілізацыі і паніжэння нашай бяспекі. Розныя правакацыі павінны прывесці да росту напружання і ахвяраў – гэта мэта супрацоўнікаў Лукашэнкі. Гэта рэальная небяспека і гэта трэба разумець.

Агароджа на польска-беларускай мяжы будзе складацца з плота абсталяванага сучаснай інфраструктурай, у тым ліку электроннай і тэлекамунікацыйнай.

Нагадваем, з пачатку кастрычніка польскія памежнікі зафіксавалі больш за 6 тысяч спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу.

Урад Польшчы падкрэслівае, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю з'яўляецца часткай гібрыднай вайны, якую праводзіць рэжым у Мінску пры падтрымцы расійскіх уладаў.

IAR/аз