Беларуская Служба

Джо Байдэн — Расіі: Нават не думайце дакрануцца да тэрыторыі NATO

26.03.2022 20:21
Выступ Джо Байдэна быў абвешчаны як падзея гістарычнага значэння.
Prezydent USA Joe Biden przemawiał na Placu Zamkowym w Warszawie
Prezydent USA Joe Biden przemawiał na Placu Zamkowym w WarszawiePAP/Radek Pietruszka

«Нават не думайце дакрануцца да тэрыторыі NATO», – заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у Варшаве, звяртаючыся да Расіі. Ён падкрэсліў, што амерыканскія сілы ў Еўропе знаходзяцца там, каб абараняць сваіх саюзнікаў, а не ўступаць у баі. «У нас ёсць святы абавязак паводле артыкула 5 абараняць кожны кавалачак тэрыторыі NATO», – падкрэсліў Байдэн.

Джо Байдэн заявіў, што «барацьба Украіны супраць Расіі з'яўляецца часткай вялікай барацьбы за свабоду» і што свет павінен рыхтавацца да «доўгай барацьбы».

«Не бойцеся – гэтыя словы Яна Паўла II змянілі свет. Гэта пасланне, якое пераадолее брутальнасць гэтай жорсткай вайны», – сказаў Джо Байдэн у Варшаве.

«Маё пасланне Украіне: мы з вамі», – сказаў ён і дадаў, што гераічны супраціў Украіны – гэта барацьба за асноўныя прынцыпы свабодных народаў. «Мы не выйграем гэтую бітву цягам некалькі дзён ці месяцаў, трэба падрыхтавацца да доўгага бою», – падкрэсліў ён.

Джо Байдэн таксама заявіў, што NATO зʼяўляецца абарончым саюзам і ніколі не імкнуўся знішчыць Расію.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў у Каралеўскім замку ў Варшаве. Паводле амерыканскага боку, гэта самы важны момант двухдзённага візіту амерыканскага лідара ў Польшчу. Выступ абвешчаны як падзея гістарычнага значэння.

Раней Джо Байдэн наведаў прэзідэнцкі палац, дзе размаўляў з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудай і дзе таксама сустрэліся польская і амерыканская дэлегацыі. Затым Байдэн накіраваўся на Нацыянальны стадыён, каб сустрэцца з украінскімі бежанцамі і няўрадавымі арганізацыямі, якія ім дапамагаюць, а таксама з прэмʼер-міністрам Матэушам Маравецкім і прэзідэнтам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім.

Вечарам амерыканскі прэзідэнт вылеціць з Варшавы ў Вашынгтон.

IAR / вх