Беларуская Служба

У Польшчы адзначаюць гадавіну Варшаўскага паўстання

01.08.2022 12:40
Краіна заплаціла вялікую цану за той збройны чын. Сучаснікі кажуць, што варта было гэта зрабіць і ўшаноўваюць памяць герояў паўстання.
Аўдыё
  • Гадавіна Варшаўскага паўстання
Ілюстрацыйны здымакPAP/Marcin Obara

78 год таму, роўна а 17 гадзіне дня пачалося вызваленчае паўстанне ў польскай сталіцы. Польскае падполле і жыхары горада хацелі вызваліцца з-пад нямецкай акупацыі. Замест планаваных двух-трох дзён змаганне зацягнулася на два месяцы. Паўстанцы прайгралі, а Польшча заплаціла вялікую цану за той збройны чын. Сучаснікі кажуць, што варта было гэта зрабіць і ўшаноўваюць памяць герояў паўстання.

1 жніўня 1944 года камандаванне Арміі Краёвай абвясціла пра пачатак акцыі «Бура». Гэта была аперацыя па вызваленню польскай сталіцы ад гітлераўскіх акупантаў. Варшаўская паўстанне стала найбольш маштабным вызваленчым збройным чынам у акупаванай нацыстамі Еўропе.

Напярэдадні і ў памятны дзень у Варшаве ды па ўсёй Польшчы праходзяць памятныя ўрачыстасці, прысвечаныя 78 гадавіне пачатку Варшаўскага паўстання. Так у сталічным парку імя генэрала Орліч-Дрэшэра сабраліся жыхары мікрараёна Макотаў. Яны ўшанавалі памяць паўстанцаў, усклаўшы кветкі пад помнікам «Макотаў у змаганні 1944». Прысутны ветэран паўстанец і жаўнер Арміі Краёвай Юльян Кульскі зазначыў, што Варшаўскае паўстанне мела вельмі важнае значэнне.

-  Цана была жудасная – згінулі дзвесце тысяч чалавек. Цэлы горад быў знішчаны, цудоўны горад. Але, калі я бачу цяпер, наколькі добрая цяпер у Польшчы, як краіна інтэнсіўна развіваецца, стаўшы адной з найлепшых краін у Еўропе, і працягвае патрыятычную традыцыю, я лічу, што паўстанне было патрэбным і важным.

Да святкавання далучыўся польскі ўрад. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што паўстанцы змагаліся не толькі за свабоду сталіцы, але і ўсяе краіны. Прэм’ер усклаў кветкі да помніка , пастаўленага ў гонар камандуючага паўстання генерала Антонія Хрусьцеля на мянушкку «Манцёр».

- Варшаўскія паўстанцы змагаліся за лепшую Польшчу, за тое, каб Польшча была, магла існаваць. Яны змагаліся за лепшы свет. Таму свет павінен памятаць да канца дзён пра варшаўскіх паўстанцаў, пра той вялікі зрух. Памятаючы пра тое змаганне, пра тыя ўчынкі мы будуем нашу будучыню, будучыню Польшчы.

У сваю чаргу ў польскім Сенаце ў гэтыя дні паседжанні пачынаюцца ад хвіліны цішыні ў памяць аб удзельніках паўстання. Пра важнасць ушанавання памяці паўстанцаў казаў былы Маршалак Сенату Станіслаў Карчэўскі.

- Сёння гадавіна пачатку Варшаўскага паўстання. Ўшайнума ўсіх герояў, жаўнераў, якія змагаліся на барыкадах, і жыхароў Варшавы, таксама тым, хто страціў жыццё ў барацьбе за вызваленне сталіцы.

Словы памяці і пашаны прагучалі таксама ад амерыканскіх жаўнераў, якія нясуць службу на тэрыторыі Польшчы. Амерыканская амбасада напісала, што ў ЗША памятаюць пра герояў Варшаўскага паўстання, і лічаць, што яны займаюць важнае месца ў гісторыі.

Пра тое, што памяць пра паўстанне ў Польшчы жывая можна ўбачыць па вулічных акцыях. За апошнія 15 год вырасла колькасць людзей, якія спыняюцца на хвіліну а 17 гадзіне 1-га жніўня, каб ушанаваць памяць паўстанцаў. Гэта стала традыцыяй у Варшаве. Дырэктар музея Варшаўскага паўстання Ян Алдакоўскі рэгулярна заклікае жыхароў ды гасцей гораду далучацца да гэтай акцыі.

Мы запрашаем усіх далучыцца да ўшанавання гадзіны пачатку паўстання. Гэта вельмі проста, дастаткова зрэагаваць на гук сірэны і спыніцца на хвіліну. Затрымаць ровар, машыну ці самакат.

У Польшчы за апошнія гады моцна змянілася стаўленне да Варшаўскага паўстання. Грамадства перастала глядзець на паўстанне як на непатрэбную ахвяру. Прыйшло разуменне, што паўстанцы змагаліся за незалежнасць Польшчы. Пра гэта сведчыць растучая колькасць грамадскіх акцый памяці пра паўстанне: сустрэчы ў дварах, лісты да паўстанцаў, упрыгожванні помнікаў, сачыненні ў школах.

Юры Ліхтаровіч