Беларуская Служба

Заўтра ў Польшчу з першым афіцыйным візітам прыбывае прэзідэнт Ізраілю Ісаак Герцаг

18.04.2023 14:31
«Гэты візіт мае паказаць важнасць польска-ізраільскіх стасункаў», – кажа Польскаму радыё амбасадар Ізраілю ў Варшаве Якаў Ліўне.
ЕрусалімPAP/EPA/ABIR SULTAN

Заўтра ў Польшчу з першым афіцыйным візітам прыбывае прэзідэнт Ізраілю Ісаак Герцаг. Разам з прэзідэнтамі Польшчы і Германіі ён возьме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 80-й гадавіны выбуху паўстання ў Варшаўскім гета.

Амбасадар Якаў Ліўне сказаў Польскаму радыё, што ўрачыстасці, як і сам візіт прэзідэнта, будуць добрай нагодай адкрыць новую старонку ў стасунках паміж дзвюма краінамі. «Думаю, што сёння ўсе бакі, як у Іерусаліме, так і ў Варшаве, хочуць будаваць як мага лепшыя адносіны паміж нашымі краінамі і народамі. І, вядома, візіт такога высокага рангу – вельмі добрая магчымасць для гэтага. Для нас вельмі важна стварыць цесныя, добрыя адносіны паміж маладымі людзьмі з Ізраіля і Польшчы. Гэта наша мэта на будучыню», – дадаў пасол Ліўне.

У сакавіку пасля шматмесячных перамоваў Польшча і Ізраіль падпісалі ўсёабдымную дамову аб узаемным абмене моладдзю. Міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў тады казаў, што гэта можа быць пачаткам пацяплення адносінаў пасля перыяду тупіку. Палітык таксама падкрэсліў, што пагадненне датычыцца не толькі пытання тураў у Ізраіль, але і заклікана дапамагчы двум народам лепш пазнаць адзін аднаго.

Заўтра пачнецца візіт ізраільскага прэзідэнта ў Варшаву.

ав