Беларуская Служба

Расійскае пасольства ў Польшчы гатовае «да любых рашэнняў Масквы»

30.04.2023 16:56
Гаворка ідзе пра пераняцце польскімі ўладамі будынку расійскай школы.
 .
Будынак школы.фота: PAP/Albert Zawada

Пасольства РФ у Варшаве гатовае «да любых рашэнняў Масквы» пасля пераняцця польскімі ўладамі будынку расійскай школы, аб чым паведаміў пасол Расіі ў Польшчы Сяргей Андрэеў. Паводле ягоных словаў, навучальны працэс адновіцца 10 мая ў адным з дыпламатычных будынкаў.

Сяргей Андрэеў таксама адзначыў, што супрацоўнікі школы пры амбасадзе РФ у Польшчы цяпер займаюцца вывазам абсталявання з захопленага польскімі ўладамі будынку.

Раніцай у суботу, 29 красавіка, прадстаўнікі мэрыі Варшавы і паліцыянты прыехалі да расійскай школы, каб правесці вопіс маёмасці. Яны загадалі супрацоўнікам пакінуць школу.

Прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава назвала дзеянні польскіх улад «захопам» школы і назвала іх парушэннем Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах. Яна заявіла, што рушыць услед «жорсткая рэакцыя» Масквы. Намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў разарваць дыпламатычныя адносіны з Польшчай.

Па словах прадстаўніка МЗС Польшчы, будынак быў незаконна арандаваны расійскімі ўладамі. Яшчэ ў сакавіку 2022 года, неўзабаве пасля расійскага шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну, міністэрства замежных спраў Польшчы ініцыявала працэс адабрання двух аб’ектаў нерухомасці ў Варшаве, якія знаходзяцца ў валоданні Расіі, якія не выкарыстоўваліся ў дыпламатычных і консульскіх мэтах. Размова ў тым ліку ішла і аб будынку школы пры пасольстве.

ТАСС/Свабода/нг