Эмоцыі, у асноўным у палітыкаў, выклікала тэма паставак расійскай нафты на адзін з чэшскіх нафтаперапрацоўчых заводаў Unipetrol, але менш гаворыцца пра тое, што каля паловы звадкаванага газу на польскім рынку імпартуецца з Расіі і Беларусі, піша польскі партал energetyka24.com. Што яшчэ горш, гэты імпарт немагчыма хутка замяніць сыравінай з іншых кірункаў і не выключана, што ў гэтым годзе Польшчу чакае сур'ёзны крызіс, звязаны з прыпыненнем паставак з Расіі і Беларусі.
Тры чвэрці LPG выкарыстоўваецца ў аўтамабілях (аўтагаз), астатняе, у тым ліку, аўтатраспартам у камунальным сектары, сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Толькі 10%, звадкаванага газу які выкарыстоўваецца ў Польшчы, складае айчынная вытворчасць, астатняе – імпарт, пераважна з Расіі і скандынаўскіх краін. Пастаўкі звадкаванага прыроднага газу ажыццяўляюцца ў наступныя тэрміналы: Шчэцін (Orlen), Гдыня (Alpetrol) і Гданьск (Gaspol). Відавочна, што марскія тэрміналы не маюць бязмежных магчымасцяў для перагрузкі. Гданьскі тэрмінал можа прыняць 600 тысяч. тон у год, Шчэцін і Гдыня – па 400 тыс. тон.
Шмат месяцаў СМІ пішуць пра цяжкую сітуацыю Onico, уладальніка кампаніі, якая зʼяўляецца аператарам тэрміналу ў Гдыні. У траўні суд спыніў судовы працэс супраць Onico – нягледзячы на тое, што ключавыя крэдыторы жадаюць дамовіцца. Калі гэтае рашэнне стане канчатковым, тэрмінал спыніць сваю працу. Калі скласці верагодную страту звадкаванага газу з Расіі і Беларусі і той аб’ём, які не зможа трапіць у Польшчу праз тэрмінал у Гдыні, то атрымліваецца, што значна больш за палову попыту польскага рынку застанецца непакрытым. А тэрмінал у Гдыні не зможа хутка перайсці пад кантроль іншага аператара, бо заканадаўчыя нормы не дазваляюць такі варыянт, пішуць на партале energetyka24.com.
Немагчыма нарасціць унутраную вытворчасць у Польшчы за некалькі месяцаў. Таму трэба рыхтавацца да газавага крызісу. Магчыма, ён будзе не такі катастрафічны, як дэфіцыт прыроднага газу летась, але для мільёнаў уладальнікаў аўтамабіляў з рухавікамі на газ і тысяч домаўладальнікаў гэта будзе сурʼёзная праблема. «Цікава было б пачуць ад урада Польшчы, якія ў іх ёсць ідэі па вырашэнні гэтага пытання», – такім зваротам завяршаецца артыкул на партале energetyka24.com.
эж