Беларуская Служба

Экс-амбасадар Польшчы ў Маскве: Дзейнасць вагнераўцаў будзе залежаць ад Расіі

07.08.2023 13:20
Былы амбасадар Польшчы ў Маскве Уладзімеж Марціняк (Włodzimierz Marciniak) заявіў, што ЧВК «Вагнера» прызначана для дыверсійнай дзейнасці. Ён растлумачыў, што гэта не рэгулярнае войска, таму не прыстасаванае для тыповых баявых дзеянняў.
Prof. Włodzimierz Marciniak, b. ambasador RP w Moskwie
Prof. Włodzimierz Marciniak, b. ambasador RP w MoskwiePolskie Radio / Print Screen

Уладзімеж Марціняк у эфіры «Польскага радыё 24» падкрэсліў, што інфармацыя пра вагнераўцаў у Беларусі часта супярэчлівая і можа быць абнародаваная ў мэтах дэзынфармацыі. Чым яны будуць займацца, пакуль невядома.

«Лукашэнка, для якога галоўнае захаваць уладу, не павінен быў пагаджацца на знаходжанне ў Беларусі некантралюемага ім фармавання. З іншага боку, выкарыстанне вагнераўскіх салдат, напрыклад, у якасці інструктараў, надзвычай выгадна для яго – беларуская армія ніколі не ваявала, яны могуць перадаць рэальны вопыт, у Беларусі даволі вялікая колькасць сіл спецыяльных аперацый, дзесьці каля 6 тысяч, але такія войскі ніколі не праводзілі рэальных спецаперацый», – заявіў Марціняк.

Уладзімеж Марціняк дадаў, што любая іншая дзейнасць вагнераўцаў будзе залежаць ад Расіі.

На думку польскага ўрада, вагнераўцы, размешчаныя ў Беларусі, маюць на мэце дэстабілізаваць суседнія краіны, у тым ліку Польшчу. Яны могуць займацца правакацыямі, асабліва падчас выбарчай кампаніі. Польскія ўлады ўжо накіравалі на мяжу дадатковыя войскі.

IAR/вх