Выстава «Імперскае аблічча сучаснай Расіі. Дзяржава Пуціна» адкрытая ў двары Мазавецкага ваяводскага ўпраўлення ў Варшаве.
Мазавецкі ваявода Тобіяш Бахэньскі падчас адкрыцця выставы адзначыў, што 23 жніўня – гадавіна падпісання Пакта Молатава-Рыбентропа, што дае магчымасць паразважаць пра гісторыю Польшчы, у тым ліку найноўшую.
Ён нагадаў, што гісторыя народаў Цэнтральнай Еўропы пазначаная расійскай імперскай палітыкай, а назва выставы згадвае расійскі нэаімперыялізм.
«У Крамлі з'явіўся кіраўнік, які вырашыў аднавіць нэаімперскую або імперскую ідэю, які зноў вырашыў вярнуцца да канцэпцыі Расіі як турмы народаў», – сказаў ён. І дадаў, што выстава паказвае, чым з’яўляецца імперыя зла, наколькі паслядоўная яна была з таго часу, калі да ўлады прыйшоў Пуцін, што прывяло да вайны ва Украіне.
Адам Бароўскі, аўтар выставы і віцэ-старшыня ўправы Фундацыі святкавання 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Польшчы, сказаў, што ідэя арганізацыі выставы з’явілася некалькі гадоў таму.
«Гэта паказвае не толькі шлях Расіі ад распаду Савецкага Саюза да сённяшняга дня, але і тое, як гэтая імперыя адраджалася, калі адбылася першая вайна ў Чачні, калі свет убачыў гэтыя страшныя карціны, калі здавалася, што пасля перажытага ў Другую сусветную вайну і развалу Савецкага Саюза, свет умяшаецца, але ён застаўся глухім», – сказаў ён.
Аўтар дадаў, што выстава паказвае падзеі ў храналагічным парадку. Экспазіцыя складаецца са стэндаў, на кожным з якіх размешчаныя фатаграфіі і апісанне чарговых падзей.
IAR/нг