Беларуская Служба

Польскія палітыкі каментуюць вайсковыя вучэнні ў Беларусі

01.09.2023 13:33
Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы назваў манеўры ў Беларусі элементам псіхалагічнай вайны. 
               -
Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі падчас заявы для СМІ аб сітуацыі на польска-беларускай мяжыPAP/Michał Zieliński

Невыпадкова беларуска-расійскія вучэнні ўзброеных сілаў, у т.л. блізу польскай мяжы пачаліся 1 верасня. Гэта элемент псіхалагічнай вайны, ацаніў у пятніцу міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.

Кіраўнік польскага МУС падкрэсліў, што перадвыбарчы перыяд асабліва адчувальны і патрабуе «вялікай канцэнтрацыі з боку нашых службаў, арміі і афіцэраў». «Безумоўна, у ворагаў нашай краіны будзе спакуса маніпуляваць гэтымі выбарамі. Для мяне гэта відавочна, таму нагнятаюцца хвалі трывогі і хаосу», — адзначыў міністр.

Каміньскі заявіў, што ў пятніцу - у гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны - у Беларусі пачаліся вайсковыя вучэнні постсавецкай Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Манеўры пройдуць да 6 верасня на шасці беларускіх палігонах у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, якія мяжуюць з Польшчай, і ў Мінскай вобласці.

«Ужо сёння па той бок мяжы, у Беларусі, праходзяць беларуска-расійскія вучэнні, у тым ліку і на нашай мяжы. Невыпадкова яны праходзяць 1 верасня. Гэта якраз гэты элемент псіхалагічнай вайны», сказаў міністр.

«Паколькі мы маем справу з вельмі непрадказальнымі апанентамі і ворагамі нашай краіны - я кажу пра Пуціна, пра Лукашэнку - мы павінны ўлічваць магчымыя правакацыі», - дадаў кіраўнік польскага МУС.

РАР