Беларуская Служба

На 77-м годзе жыцця памерла беларуская паэтка Надзея Артымовіч

03.10.2023 12:51
Надзея Артымовіч была сябрам Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», а з 1992 году таксама Аб’яднання польскіх пісьменнікаў.
Надзея Артымовічфота: Я. Іванюк

Сёння ў Бельску Падляшскім пасля працяглай хваробы на 77-м годзе жыцця памерла беларуская паэтка Надзея Артымовіч.

Яна нарадзілася ў 1946 годзе ў Аўгустове пад Бельскам. Вырасла ў Бельску, лічыла яго родным горадам і адводзіла яму шмат месца ў сваёй творчасці.

Надзея Артымовіч скончыла Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім, затым беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце. Пасля вяртання з вучобы працавала ў Бельскім доме культуры.
Дэбютавала ў беларускім тыднёвіку «Ніва» ў 1970 годзе. Яна была аўтарам некалькіх зборнікаў паэзіі, выдадзеных у Польшчы, а таксама зборніка «Дзверы», выдадзенага ў Мінску разам з беларускім паэтам Алесем Разанавым.

Надзея Артымовіч была сябрам Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», а з 1992 году таксама Аб’яднання польскіх пісьменнікаў. Узнагароджана залатым знакам «Заслужаны дзеяч культуры».

кamunikat.org/ав