Беларуская Служба

Памежная варта: Беларускія службы амаль кожны дзень ладзяць правакацыі на польска-беларускай мяжы

05.10.2023 14:53
Беларускія службы нясуць адказнасць за штодзённыя спробы нелегальных мігрантаў трапіць у Польшчу, а таксама за напады мігрантаў на патрулі польскай Памежнай варты.
Ілюстрацыйны здымакфота: Straż Graniczna

Гэта пацвярджаюць супрацоўнікі Падляскага аддзелу памежнай варты.

Паводле інфармацыі Польскага радыё, беларускія службы нясуць адказнасць за штодзённыя спробы нелегальных мігрантаў трапіць у Польшчу, а таксама за напады мігрантаў на патрулі польскай Памежнай варты.

Паводле прэсавай сакратаркі Падляскага аддзелу памежнай варты маёра Катажыны Здановіч, ахоўваць польскую мяжу дапамагае плот, пабудаваны больш за год таму:

- Нашая асноўная задача – не дазволіць, каб мяжу пераходзілі нелегальна. Гэта не толькі польска-беларуская мяжа, а таксама вонкавая мяжа Еўрапейскага Саюзу, мяжа зоны Шэнген і мяжа НАТА. Мы ведаем, на што здольныя белрускія службы, яны ўжо нам паказалі шмат сцэнароў. Мы мусім быць падрыхтаванымі на ўсё, бо не ведаем, што нас можа яшчэ чакаць. Мы мусім эфектыўна абараняць мяжу.

Як стала вядома Польскаму радыё, беларускія службы дастаўляюць мігрантаў у пэўныя месцы, часцей за ўсё ў цёмны час сутак, і ўказваюць, як нелегальна перасекчы польскую мяжу. Таксама беларускія сілавікі забеспячваюць мігрантаў камянямі, якія тыя з-за агароджы кідаюць у польскія патрулі.

яс