Беларуская Служба

Пачынаецца 39-ты Варшаўскі кінафестываль

06.10.2023 08:46
Аматары сусветнага кінематографа за 10 дзён змогуць паглядзець 138 фільмаў з 52 краін.
.
..

Гэта мастацкія, дакументальныя, кароткаметражныя і анімацыйныя фільмы.

Дырэктар фестывалю Стэфан Лаўдын тлумачыць, што падчас сёлетняга фестывалю адбудуцца прэм'еры многіх фільмаў:

-У нас 22 сусветныя прэмʼеры поўнаметражных фільмаў і 13 сусветных прэмʼер кароткаметражных фільмаў. Я вельмі хачу, каб гэта былі цікавыя, каштоўныя фільмы, і я думаю, што мы гэтага дасягнулі. Элемент прэмʼеры таксама важны, таму што ён сведчыць аб даверы кінематаграфістаў да нас.

Фільмы падчас фестывалю будуць дэманстравацца ў рамках некалькіх конкурсаў, у Асноўным конкурсе за Гран-пры будуць змагацца 14 фільмаў з некалькіх краін, – тлумачыць Стэфан Лаўдын:

-Як звычайна, мы звяртаем увагу на кіно з нашага рэгіёна, у нас ёсць два польскія фільмы, таксама паказаныя на адкрыцці: «Усмешка лёсу» Анджэя Якімоўскага і «Страх» Славаміра Фабіцкага, ёсць чэшска-польска-славацкі фільм «Я цябе больш не кахаю» Здэнэка Іраскі, ці фільм «Ні слова» Ганны Слак. Ёсць таксама фільм з Украіны Тараса Дроня «Шкляны дом».

Ён таксама падкрэслівае, што падчас фестывалю можна будзе ўбачыць шырокі спектр сусветнага кінематографа, і адной з тэм, якія найбольш часта абмяркоўваюць кінематаграфісты, зʼяўляюцца праблемы моладзі.

-Сёлета ў нас было 4800 заявак са 111 краін, з гэтай велізарнай колькасці фільмаў мы выбралі лепшыя з лепшых. У гэтым годзе аказалася, што ў нас шмат фільмаў пра маладых ці зусім маладых людзей, нават пра дзяцей, якія змагаюцца з рэальнасцю і часам яны спраўляюцца лепш, чым іх бацькі. Сацыяльнае кіно пра маладых людзей з розных куткоў свету і, як звычайна, мы даведваемся, што краіны розныя, культуры розныя, але праблемы людзей аднолькавыя, – кажа Стэфан Лаўдын.

Падчас фестывалю таксама адбудзецца больш за сто сустрэч з кінематаграфістамі, якія запланаваны пасля сеансаў. Поўную праграму фестывалю можна знайсці на wff.pl.

ав