Беларуская Служба

У Люблінскім каталіцкім універсітэце ў лік студэнтаў прынялі вязняў пенітэнцыярнай установы (ФОТА)

24.10.2023 20:05
Сярод студэнтаў – вязні ў розным узросце і з рознымі прысудамі, у тым ліку прыгавораныя да пажыццёвага пазбаўлення свабоды. 
Урачыстасць прыняцця зняволеных у шэрагі студэнтаў PAP/Wojtek Jargiło

У аўторак, 24 кастрычніка, 23 чалавекі з ліку вязняў Люблінскай пенітэнцыярнай установы сталі студэнтамі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэту. Ініцыятарамі задумы з’яўляецца ВНУ і Люблінская акруговая інспекцыя Пенітэнцыярнай службы Польшчы.

Ва ўрачыстай цырымоніі ў шэрагі студэнтаў зняволеных прыняў рэктар універсітэту, ксёндз-прафесар Міраслаў Каліноўскі ў прысутнасці генеральнага дырэктара Пенітэнцыярнай службы Польшчы генерал-інспектара Яцэка Кітліньскага. Урачыстасць прайшла ў пенітэнцыярнай установе.

З нагоды пачатку навучальнага года вітальны ліст новым студэнтам даслалі міністр адукацыі і навукі ды намеснік міністра юстыцыі Польшчы.

Сярод студэнтаў – вязні ў розным узросце і з рознымі прысудамі, у тым ліку прыгавораныя да пажыццёвага пазбаўлення свабоды. Зняволеныя рэалізуюць поўную ўніверсітэцкую праграму. Заняткі адбываюцца ў пенітэнцыярнай установе.

Сёлета адбыўся набор на дзве спецыяльнасці: магістарскую праграму «Анімацыя сацыяльнага асяроддзя» і бакалаўрат «Сямейная сацыялогія».

вс