Гарадская рада Уроцлава прагаласавала за зварот да ўрада з просьбай перавесці фінансаванне ўрокаў рэлігіі з мясцовых бюджэтаў у цэнтральны. Пра гэта паведамляе Radio Wrocław. Такім чынам дэпутаты пайшлі па слядах Чэнстаховы і Кракава, дзе летась прымаліся падобныя звароты.
«Мы ва Eроцлаве маем нашмат больш важныя выдаткі, чым фінансаванне ўрокаў рэлігіі, якія наведвае ўсё менш дзяцей. Калі дзяржава хоча фінансаваць такія ўрокі, то павінна рабіць гэта са сваіх сродкаў», – сказаў мясцовы дэпутат ад «Новых Левых» Дамінік Класоўскі, які збіраў подпісы пад петыцыяй.
Сярод тых, хто галасаваў супраць звароту да ўраду, быў дэпутат ад кіроўнай партыі «Права і Справядлівасць» Робэрт Пенкоўскі, які сцвярджаў, што гэта супярэчыць Канстытуцыі і Канкардату (міждзяржаўная паміж Польшчай і Ватыканам).
Праблема з наведваннем урокаў рэлігіі стала заўважнай у многіх сярэдніх навучальных установах Польшчы. Найбольш заўважным гэтае пытанне стала ў горадзе Чэнстахове, які называюць духоўнай сталіцай Польшчы. Бо менавіта ў ім найбольшая шчыльнасць касцёлаў у Польшчы. Справа ў тым, што арганізацыя ўрокаў рэлігіі дадаткова абцяжарваюць мясцовыя бюджэты.
Чаму моладзь у Польшчы не любіць урокаў рэлігіі?
63,7% вучняў польскіх школаў не наведваюць урокаў рэлігіі. Пра гэта гаворыцца ў апытанні, праведзеным Паўлінай Плюто, студэнткай Педагагічнага факультэту Вышэйшай школы бяспекі ў Глівіцах.
Паводле апытання, амаль 40% наведваюць заняткі па рэлігіі пад прымусам бацькоў. І каля 90% маюць знаёмых, якія вымушаныя, але не хочуць наведваць гэтыя заняткі.
Аўтарка даследавання спрабавала знайсці прычыну нежадання вучняў наведваць урокі рэлігіі. 17% прызналіся, што не маюць дачынення да Каталіцкага Касцёла, а 15% дадалі, што менавіта настаўнік сваім падыходам не спрыяў вывучэнню рэлігіі ў школе.
эж