Сваё рашэнне рэктар Варшаўскага ўніверсітэту матываваў «адсутнасцю належнага нагляду за фондамі Бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэту (BUW) і непрыняццем належных мер па захаванні фондаў бібліятэк BUW».
Ва ўніверсітэце патлумачылі, што прычынай такога рашэння стала выяўленне крадзяжу «некалькіх дзясяткаў прадметаў асаблівай каштоўнасці з кніжнага фонду ўніверсітэцкай бібліятэкі». Рэктар прызначыў адмысловую камісію для высвятлення абставінаў здарэння і загадаў правесці праверку правілаў і парадку выдачы збораў.
Як адзначылі ва ўніверсітэце, таксама будуць распрацаваны правілы і парадак нагляду за зборам кніг. Адно з іх – «адмяніць абвешчанае 31 студзеня 2020 г. рашэнне аб перамяшчэнні чытальнай залы збораў ХІХ ст. у агульную чытальную залу, што прывяло да шматлікіх негатыўных наступстваў для нагляду за фондамі BUW».
Паводле інфармацыі Gazeta Wyborcza, у BUW адбыўся арганізаваны крадзеж калекцый ХІХ ст.. Злачынцы нібыта падмянялі арыгіналы копіямі, з-за чаго крадзеж было цяжка хутка выявіць супрацоўнікам, якія кантралююць калекцыі. «Спачатку ўніверсітэт ацаніў страты ў 8 тысяч злотых. Паводле нашай неафіцыйнай інфармацыі, кошт скрадзеных калекцый можа дасягаць 200-300 тысяч долараў», паведамляе Gazeta Wyborcza.
Інфармацыю парталу GW пацвердзіў інспектар Роберт Шумята з паліцэйскага ўчастку: «Да нас паступіла паведамленне аб крадзяжы кніг ХІХ стагоддзя. Гэта павінна было адбыцца 16 кастрычніка. Мы перадалі справу ў пракуратуру. Па гэтай справе пакуль ніхто не затрыманы».
У аўторак вечарам звольненая дырэктарка Ганна Валодка апублікавала заяву на сайце «Х». Яна паведаміла, што крадзеж васьмі тамоў рускага старадруку XIX стагоддзя быў выяўлены ў сярэдзіне кастрычніка. «На працоўным месцы нехта пакінуў вокладкі з муляжамі арыгінальных выданняў. Пасля праверкі высветлілася, што такіх муляжоў вярнулі ў сховішча больш. Па дадзеных на сённяшні дзень, заменена каля 80 тамоў», – напісала Ганна Валодка. Яна дадала, што ў BUW яшчэ працягваецца праверка. На яе думку, крадзяжы былі замоўленыя, верагодна, для аўкцыённых дамоў і антыкварных крамаў, якія працуюць на расійскім рынку. Яна апісала крадзеж як свой самы складаны прафесійны вопыт, і яе намаганні па палягчэнні доступу да калекцый былі накіраваны на тое, каб зрабіць BUW «даступным і зручным для чытача месцам».
Ганна Валодка займала пасаду кіраўніцы Бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэту з 2018 года.
PAP / вх