Беларуская Служба

Польскія ўлады прызналі 11 лістапада Днём незалежнасці толькі ў 1937 годзе

11.11.2023 07:35
Польскі гісторык распавядае пра гадавіну аднаўлення незалежнасці краіны.
11 listopada - święto odzyskania niepodległości przez Polskę
11 listopada - święto odzyskania niepodległości przez Polskęshutterstock.com/Grand Warszawski

Сёння ў Польшчы адзначаецца 105-я гадавіна аднаўлення незалежнасці краіны. Аднак 11 лістапада 1918 г. не было днём, калі адроджаная Польшча раптоўна выйшла з забыцця. Гэтая дата сімвалізуе працэс, які пачаўся значна раней і завяршыўся праз шмат гадоў.

Гісторык, прафесар Януш Адзямкоўскі адзначае, што дата была абраная не толькі з прычыны заканчэння Першай сусветнай вайны, але і дзеля ўшанавання Юзэфа Пілсудскага і святкавання вызвалення Варшавы ад замежных войск. Аднаўленне незалежнасці святкавалі па ўсёй краіне, хоць яшчэ некалькі гадоў таму значная частка грамадства ставілася да гэтай ідэі даволі скептычна.

Прафесар Адзямкоўскі адзначае, што менавіта Першая сусветная вайна пераканала ўсіх у неабходнасці адраджэння незалежнай польскай дзяржавы. «У мястэчках, а асабліва ў вёсцы, якая моцна пацярпела ад прымусовых паставак і ваенных разбурэнняў, спадзяваліся, што пасля вяртання незалежнасці ўсё раптам стане лепш», — кажа гісторык.
11 лістапада — гэта дзень, які сімвалізуе адраджэнне польскай дзяржавы. Па сутнасці, гэта быў пачатак працэсу зліцця трох асобных частак і трох розных грамадстваў у адно цэлае пасля 123 гадоў. Як пазней высветлілася, розніца ў менталітэце палякаў з розных падзелаў аказалася даволі вялікай. «Асобны сацыяльны менталітэт стварыўся таму, што на працягу некалькіх пакаленняў выхаванне адбывалася ў абсалютна розных эканамічных і прававых умовах», — падкрэслівае прафесар Януш Адзямкоўскі.

Гісторык таксама звяртае ўвагу на тое, што дата 11 лістапада павінна быць сімвалам стойкасці і рашучасці пакаленняў палякаў у імкненні да незалежнасці. «Калі б мы не адстаялі незалежнасць, кім бы мы былі сёння? Колькі нас было б? Калі мы не будзем памятаць пра гэта, тады вельмі лёгка будзе паддацца сённяшняму ціску і сказаць: навошта гэтыя намаганні і ахвяры, ці не лепш было б дамовіцца любой цаной?. Гэта просты спосаб наклікаць на сваю галаву няшчасце», — кажа прафесар Адзямкоўскі.

Польскія ўлады прызналі 11 лістапада датай аднаўлення незалежнасці толькі ў 1937 годзе. Афіцыйнае святкаванне гэтай гадавіны ў ІІ Рэчы Паспалітай адбылося толькі аднойчы, у 1938 годзе.

ПР/юл