Іга Свёнтэк падтрымлівае Украіну практычна на кожным кроку з самага пачатку расійскага ўварвання, і гэтая падтрымка не проста на словах. Украінская тэнісістка Эліна Світоліна пацвердзіла, што лідарка рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі WTA перавяла «вельмі вялікую суму грошай» у фонд United24.
Поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну працягваецца з 24 лютага 2022 года. З гэтага моманту Свёнтэк была гучней за ўсіх тэнісістаў, якія казалі пра трагедыю ва Украіне і пра неабходнасць неадкладнай дапамогі.
Мінулым летам яна зладзіла ў Кракаве дабрачынную акцыю з удзелам, між іншым, вядомай польскай тэнісісткі Агнешкі Радваньскай і 25-й ракеткі свету Эліны Світолінай, а сабраныя сродкі накіравала патрабуючым ва Украіне.
Світоліна заявіла пра дапамогу са свету тэніса:
– Людзей, якія ахвяравалі сродкі, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Я ўдзячная за тое, што зрабіў Стэфанас Цыцыпас. А таксама Іга Свёнтэк, якая пералічыла вельмі вялікія грошы ў фонд United24. Гэта дапамагло нам арганізоўваць дзіцячыя лагеры. Іга для нас вялікая падтрымка, – сказала Світоліна ў інтэрв'ю ўкраінскаму парталу tribuna.com.
яс/Eurosport