Беларуская Служба

З гісторыяй Варшаўскага паўстання і адбудовы сталіцы Польшчы знаёмяцца жыхары Японіі

16.11.2023 08:46
Выстава прадстаўляе Варшаву як горад, які, як і Хірасіма, быў цалкам разбураны падчас вайны і здолеў паўстаць з руін.
Powstanie Warszawskie
Powstanie Warszawskiedouglasmack/ Shuttrerstock

У Хірасіме ў будынку Банка Японіі, які перажыў выбух атамнай бомбы, адкрылася выстава «Варшава. Фенікс з попелу», якая распавядае пра гісторыю польскай сталіцы пад нямецкай акупацыяй, падчас Варшаўскага паўстання і пасляваеннае аднаўленне. Выставу арганізавалі Музей Варшаўскага паўстання і Інстытут Адама Міцкевіча ў супрацы з Польскім інстытутам у Токіа і мясцовымі ўладамі.

Выстава прадстаўляе Варшаву як горад, які, як і Хірасіма, быў цалкам разбураны падчас вайны і здолеў паўстаць з руін. Як паведаміў намеснік дырэктара Музею Варшаўскага паўстання Павел Укельскі, выстава прысвечаная варшаўскім паўстанцам і пачуццям, якія суправаджалі іх падчас няроўнай барацьбы з немцамі. «Мы стараемся паказаць галоўным чынам людзей. Мы таксама паказваем архітэктуру Варшавы падчас паўстання, але мы хацелі паказаць паўстанцаў, іх твары, іх эмоцыі», – сказаў Укельскі.

Выстава была створана на аснове іншых міжнародных выстаў, якія прадстаўляюць гісторыю Варшаўскага паўстання. «Першай выставай была экспазіцыя, прысвечаная 70-й гадавіне пачатку Варшаўскага паўстання ў Берліне. Цяпер мы падрыхтавалі выставу, адрасаваную японскай аўдыторыі, у якой пашырылі элемент разбурэння гораду і яго рэканструкцыі», – адзначыў намеснік дырэктара Музею Варшаўскага паўстання.

Выстава ў Хірасіме будзе працаваць да канца лютага. Вядуцца перамовы аб паказанні яе ў іншых гарадах Японіі.

IAR/нг