Беларуская Служба

На мяжы з Украінай працягваецца акцыя пратэсту польскіх перавозчыкаў

22.11.2023 10:44
Пратэстоўцы кожную гадзіну прапускаюць па чатыры машыны ў абодва бакі. 
Trwa protest polskich przewoźników na granicy z Ukrainą w województwach lubelskim i podkarpackim.
Trwa protest polskich przewoźników na granicy z Ukrainą w województwach lubelskim i podkarpackim.Roman Korotkov/ Shutterstock

На мяжы з Украінай у Люблінскім і Падкарпацкім ваяводствах працягваецца акцыя пратэсту польскіх перавозчыкаў. Сёння да іх далучаюцца фермеры.

У Люблінскім ваяводстве крыху зменшылася чарга на таварным памежным пераходзе з Украінай у Дарагуску. У цяперашні час яна даходзіць да мястэчка Янаў – 21 кіламетр ад мяжы. У ёй стаяць 850 грузавікоў, разліковы час афармлення – 212 гадзін. У чарзе перад пераходам у Грэбенным чакае 640 грузавікоў.

«На працягу апошніх сутак здарыўся адзін інцыдэнт», – кажа камісар Эва Чыж з паліцыі горада Хэлм.

- Учора вечарам адбылася блакада пешаходнага перахода на вуліцы Падгужэ ў Хэлме. Пратэст зладзілі кіроўцы фураў, якія чакаюць у чарзе. Ён працягваўся каля паловы гадзіны, пасля чаго кіроўцы вярнуліся ў свае машыны.

Вялікія чэргі грузавікоў на польска-ўкраінскіх памежных пераходах – вынік пратэсту польскіх перавозчыкаў. Больш за два тыдні кіроўцы грузавікоў блакуюць КПП у Дарагуску і Грэбенным, патрабуючы, між іншым, забараніць рэгістраваць у Польшчы транспартныя кампаніі з замежным капіталам і вырашыць праблемы з украінскай сістэмай электроннай чаргі. Пратэст працягваецца і ў Падкарпацкім ваяводстве.

Пратэстоўцы кожную гадзіну прапускаюць па чатыры машыны ў абодва бакі. Рэгулярна прапускаюць транспартныя сродкі са свежымі прадуктамі харчавання, гуманітарным і ваенным грузам.

Украінцы пагражаюць польскім перавозчыкам, сварацца з імі, а апошнімі днямі невядомыя напалі на польскія грузавікі ва Украіне.

нг