Полька Ізабэля Длужык (Izabela Dłużyk) увайшла ў спіс ста жанчын года, падрыхтаваны ВВС. Яна працуе гукавым дакументалістам, захапляецца прыродай.
«Рэйтынг ста ўплывовых і натхняльных жанчын» – так характарызуе спіс станцыя. У яго ўвайшлі адвакаты: Мішэль Абама і Амаль Клуні. Ёсць галівудская актрыса Амерыка Ферэра і ўладальніца «Залатога мяча» Айтана Бонмаці. А таксама супрацоўніца Гданьскага ўніверсітэта, чыё захапленне – гукі прыроды.
«Я шукаю натхняльныя гукавыя вобразы», – кажа Ізабэля. Яна здабывае інтрыгуючыя гукі дзякуючы шматгадзінным запісам. «Цячэнне вады, асаблівае рэха, сугучча разнастайных гукаў... Стараюся шукаць гукавыя эфекты, якія прымушаюць думаць і слухаць. Каб гэта было тое, што прымусіла б нас зайсці ўнутр сябе», – падкрэслівае жанчына. Сёлета яна была гераіняй праграмы Сусветнай службы BBC «Ізабэля ў лесе», дзе з мікрафонам правяла слухачоў па свеце гукаў Белавежскай пушчы.
Ізабэля Длужык невідушчая. З дзяцінства яна асабліва моцна чула гукі: насякомых, зуброў, раслін і птушак. Апошнія асабліва важныя. «З таго часу, як у 12 гадоў яна атрымала ў падарунак магнітафон, у яе развілася асаблівая адчувальнасць да спеваў птушак. Дзякуючы гэтаму можа распазнаваць віды па спеву», – напісана на сайце BBC.
Ізабэля Длужык кажа, што ўжо працуе над наступным праектам. Гэта гукапіс пор года. На гэты раз характэрныя гукі вясны, зімы, восені і лета таксама будуць суправаджацца фотаздымкамі.
IAR/нг