Генеральны сакратар «Грамадзянскай платформы» Марцін Кярвінскі заявіў, што Грамадзянская кааліцыя выступае супраць зменаў дамоваў ЕС. Ён падкрэсліў, што гэта пацвердзіла ўчорашняе галасаванне ў Еўрапарламенце, падчас якога еўрадэпутаты ад «Права і справядлівасці», «Грамадзянскай платформы» і Польскай сялянскай партыі прагаласавалі супраць зменаў. За праект выказаліся толькі сем новых еўрадэпутатаў ад Левых і Ружа Тун, дэпутат ад «Польшчы 2050». Парламент большасцю галасоў прыняў прапанаваныя змены.
Марцін Кярвінскі ў эфіры Польскага радыё сказаў, што ўчорашняе галасаванне канчаткова не вызначае лёсу зменаў. Ён нагадаў, што кандыдат ад «Грамадзянскай кааліцыі» ў прэм'еры выразна выступаў супраць змены еўрапейскіх дагавораў.
-Мы лічым, што цяперашнія правілы добрыя і аптымальныя. У сваю чаргу я б не рабіў трагедыі з таго, што адбылося. Гэта не азначае, што нас пазбавяць суверэнітэту. Дональд Туск выразна гаворыць, што ён праціўнік зменаў, паколькі цяперашнія правілы, паводле нас, лепшыя.
Еўрадэпутатка ад «Права і справядлівасці» Бэата Шыдла лічыць, што праект у такім выглядзе прывядзе да значнага абмежавання права вета і перадачы значнай часткі дзяржаўных паўнамоцтваў чыноўнікам Еўрасаюзу і, адпаведна, самым моцным краінам-членам:
-Гэта наўпрост прывядзе да таго, што рашэнні суверэнных краін будуць прымацца ў Бруселі. Яны будуць вырашацца брусельскімі еўракратамі, прасоўваючы інтарэсы самых моцных. Галоўным чынам гэта будзе рэалізацыя палітыкі нямецка-французскай.
Учора Еўрапарламент прыняў праект паправак да дагавораў ЕС. Еўрапарламент патрабуе кваліфікаванай большасці, сярод іншага, пры прыняцці рашэнняў аб санкцыях, на прамежкавых этапах працэсу пашырэння, а таксама прапануе, каб сумесныя закупкі і распрацоўка зброі фінансаваліся ЕС са спецыяльнага бюджэту, які падлягае сумеснаму рашэнню і парламенцкаму кантролю.
ав