Беларуская Служба

Пракуратура перадала ў суд справу з абвінавачаннямі супраць былога прэзідэнта Леха Валенсы

30.11.2023 12:18
Былога прэзідэнта Леха Валенсу вінавацяць у дачы ілжывых паказанняў — ён адмаўляў, што ягоныя подпісы былі на дакументах Службы бяспекі часоў ПНР.
Lech Wałęsa.
Lech Wałęsa.Lukasz Dejnarowicz / Forum

Акруговая пракуратура ў Варшаве перадала ў суд абвінаваўчы акт супраць былога прэзідэнта Леха Валенсы. Яго вінавацяць у дачы ілжывых паказанняў у красавіку 2016 года на допыце ў варшаўскім аддзяленні Інстытута нацыянальнай памяці. Яго дапытвалі ў якасці сведкі, Лех Валенса адмаўляў, што ягоныя подпісы былі на дакументах Службы бяспекі.

Прэсавы сакратар акруговай пракуратуры ў Варшаве Шымон Банна (Szymon Banna) паведаміў, што эксперты дакладна вызначылі, што менавіта Лех Валенса падпісаў каля 50 дакументаў з справы тайнага супрацоўніка Службы бяспекі па мянушцы «Болек». Яны прааналізавалі больш за 140 дакументаў, якія, безумоўна, падпісваў былы прэзідэнт на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

«Пасля атрымання такіх шырокіх доказаў эксперты выявілі, што больш за 50 дакументаў, сабраных у працоўнай справе сакрэтнага супрацоўніка па мянушцы «Болек», утрымліваюць подпісы Леха Валенсы. Сабраныя такім чынам доказы з'яўляюцца падставай для абвінавачання Леха Валенсы ў дачы ілжывых паказанняў», – заявіў пракурор Шымон Банна.

На допыце ў якасці падазраванага Лех Валенса не прызнаўся ў інкрымінаваным яму злачынстве і адмовіўся даваць тлумачэнні. Даванне ілжывых паказанняў караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў.
Працэс, у якім экс-прэзідэнт выступаў у якасці сведкі, быў распачаты ў лютым 2016 года ў сувязі з яго публічнымі заявамі. Лех Валэнса тады заявіў, што матэрыялы, знойдзеныя ў доме былога міністра ўнутраных спраў ПНР Чэслава Кішчака, фальшывыя.

Мэта разбіральніцтва Інстытута нацыянальнай памяці – праверыць, ці мела месца злачынства, звязанае з падробкай дакументаў, і выявіць магчымых выканаўцаў гэтага злачынства. На той момант Лех Валенса ў расследаванні Інстытута нацыянальнай памяці меў статус пацярпелага.

IAR/вх