Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў размове са Святланай Ціханоўскай выказаў поўную падтрымку імкненням беларускага народа да дэмакратызацыі, развіццю грамадзянскай супольнасці і членства ў еўрапейскіх структурах. Кіраўнік МЗС сустрэўся ў Варшаве з лідарам беларускай апазіцыі і дэлегацыяй, якая яе суправаджала.
У заяве МЗС адзначаецца, што Радаслаў Сікорскі высока ацаніў дэмакратычную дзейнасць беларускай апазіцыі ў выгнанні і выказаў падтрымку дэмакратычным і еўрапейскім памкненням Беларусі. Ён таксама нагадаў пра супраціўленне Польшчы палітыцы ўладаў у Мінску, якія пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года імкнуцца да ліквідацыі ўсіх формаў незалежнасці.
У сваёй заяве МЗС чарговы раз звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да палітвязняў. «Польшча пастаянна заклікае беларускіх кіраўнікоў вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, які знаходзіцца пад вартай з сакавіка 2021 года, і спыніць рэпрэсіі супраць беларускага грамадства», – чытаем у заяве.
Сёння ў Святланы Ціханоўскай запланаваныя размовы з міністрам па справах ЕС Адамам Шлапкам і мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім.
IAR/нг