У панядзелак пачаўся трохдзённы працоўны візіт у Польшчу лідара беларускай апазіцыі і кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета міністраў Беларусі Святланы Ціханоўскай. У аўторак яна сустрэлася са спікерам Сейму Шыманам Галоўням і спікерам Сенату Малгажатай Кідавай-Блоньскай. Увечары запланаваная калядна-навагодняя сустрэча прэзідэнта Анджэя Дуды са Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
Падчас сумеснай канферэнцыі з Ціханоўскай спікер Сейма падкрэсліў, што «свабодная, незалежная, самакіравальная, самавызначальная Беларусь зʼяўляецца адным са слупоў бяспекі, яна ў інтарэсах Польшчы». «Вольная Беларусь – у інтарэсах вольнай Польшчы, яна ў сэрцы вольнай Польшчы (...). Польшча будзе рабіць усё, каб Беларусь стала свабоднай краінай, краінай свабодных людзей. Яны ўжо вольныя ў сваіх сэрцах», – падкрэсліў Галоўня.
«Сёння мы павінны думаць пра Беларусь як пра нашага партнёра. Пра ўсе супольнасці ў Беларусі, якія супрацьстаяць злу, як пра саюзнікаў у справе пабудовы бяспекі ў гэтай частцы Еўропы», – падкрэсліў Галоўня.
Ён дадаў, што з радасцю і «чалавечым клопатам» успрыняў навіну і прапанову аказаць шэфства над абраным палітвязнем у Беларусі з боку палітыкаў з розных краін Еўропы. «Я заявіў, што з вялікім задавальненнем далучыўся б да такой акцыі», – абвясціў спікер.
Галоўня запэўніў Святлану Ціханоўскую, што ён цалкам падтрымлівае яе ва ўсіх добрых дзеяннях дзеля вольнай Беларусі.
Ціханоўская заявіла, што вельмі важна ціснуць на рэжым Аляксандра Лукашэнкі праз эканамічныя і палітычныя санкцыі. Яна падкрэсліла, што рэжым Лукашэнкі зʼяўляецца злачынным рэжымам, які робіць злачынствы супраць чалавечнасці, супраць мігрантаў. «Я лічу, што за ўсе гэтыя злачынствы павінен адказваць Лукашэнка», – падкрэсліла яна.
«Мы просім Польшчу надаваць яшчэ больш увагі палітвязням і патрабаваць вызвалення гэтых людзей з турмаў. Вядома, беларусы павінны працягваць змагацца, і мы хочам, каб усе краіны праявілі з намі салідарнасць», – сказала яна. Ціханоўская падкрэсліла, што Польшча гасцінна прымае ўсіх бежанцаў з Беларусі. «Польшча праявіла да нас сапраўдную салідарнасць», – дадала Ціханоўская.
У сераду ў Цэнтры беларускай салідарнасці Святлана Ціханоўская з групай беларускіх дзяцей, а ў другой палове дня – з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці.
ав