Маршалак Сенату Малгажата Кідава-Блоньска сустрэлася са старшынёй Саюзу палякаў у Беларусі Анжэлікай Борыс і віцэ-старшынём гэтага саюза Марэкам Занеўскім.
Маршалак Сенату падкрэсліла, што клопат пра палякаў, якія жывуць у Беларусі, вельмі важны для Сенату, але і для яе асабіста. Звяртаючыся да Анжэлікі Борыс, Малгажата Кідава-Блоньска падзякавала ёй за мужнасць і адданасць.
- Я хачу выказаць вам падзяку за адданасць у працы на карысць Саюза палякаў у Беларусі, які вы ўзначальваеце. У прыватнасці, вялікім дасягненнем з'яўляецца захаванне грамадскіх асяродкаў навучання польскай мове для дзяцей і моладзі – адзінай сёння формулы польскай асветніцкай дзейнасці ў Беларусі. Праца з дзецьмі мае вельмі вялікае значэнне і за гэта вам вялікі дзякуй.
Маршалак Кідава-Блоньска запэўніла, што Сенат будзе падтрымліваць дзейнасць Саюзу палякаў у Беларусі і апекавацца ім.
«Вы ніколі не будзеце адны, заўсёды можаце разлічваць на нашу дапамогу», – падкрэсліла яна.
Маршалак таксама заклікала вызваліць журналіста і дзеяча польскай меншасці Анджэя Пачобута, які ўтрымліваецца ў беларускай турме.
Малгажата Кідава-Блоньска таксама запрасіла Анджэліку Борыс да ўдзелу ў Кансультатыўнай радзе польскай дыяспары пры старшыні Сенату.
Анжэліка Борыс нагадала, што ў Беларусі пражывае каля 300 тысяч палякаў, якія падтрымліваюць сувязі з Польшчай. Яна таксама паведаміла, што дыяспара зацікаўлена ў навучанні роднай мове, і дадала, што беларускія ўлады дазволілі выкладаць польскую мову ў форме факультатыўных заняткаў.
- Мы вельмі стараемся захаваць нашую культуру, нашую мову. Я трымаю пастаянную сувязь з настаўнікамі, з дзеячамі, якія цяпер жывуць у Беларусі. Сітуацыя сёння няпростая, таму мы рады, што можам дбаць пра мову і пра месцы памяці.
З сакавіка 2021 года па сакавік 2022 года Анжэліка Борыс знаходзілася пад вартай. Яе абвінавацілі ў «распальванні міжнацыянальнай варожасці і рэабілітацыі нацызму», за што прысудзілі да пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў. У красавіку мінулага года з Анжэлікі Борыс былі знятыя абвінавачанні.
яс