Генеральны консул Польшчы ў Львове Эліза Дзванкевіч прызналася, што больш не можа моўчкі назіраць за ганебнымі дзеяннямі сваіх суайчыннікаў на польска-ўкраінскай мяжы.
«Я больш не магу маўчаць. Дзеля любові да сваёй краіны. Не магу рабіць выгляд, што не бачу гэтых ганебных дзеянняў Польшчы на польска-ўкраінскай мяжы. Прабачце, мае дарагія ўкраінскія сябры. Тое, што адбываецца, не можа быць справа майго народа», – напісала яна ў сацсетцы.
Дыпламат нагадала падзеі Варшаўскага паўстаньня 1944 году, у прыватнасці, як савецкія войскі забаранілі пасадку самалётаў саюзьнікаў на падкантрольнай ім тэрыторыі.
«Я думала, што так ганебна маглі паводзіць сябе толькі расейцы. Бо дапамога, прызначаная паўстанцам, выпадкова скінутая з гэтых самалётаў на ўскраіне Варшавы, апынулася ў руках немцаў. Я была пераканана, што толькі расейцы могуць спакойна глядзець, як іншыя народы сыходзяць крывёю. Я ведаю, што мы, палякі, ніколі не зробім нічога падобнага», – падкрэсліў дыпламат.
Эліза Дзванкевіч дадала, што гаворка ідзе не пра патрабаванні польскіх фермераў, а пра форму пратэсту:
«Сапраўдны паляк ніколі б не ўдарыў у спіну сваіх суседзяў – змагароў за свабоду. Гэта сорам і ганьба. Прабач, Украіна, якая ваюе, прабач».
Напярэдадні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што Варшава вядзе перамовы з сельскагаспадарчымі саюзамі аб разблакаванні праходу паміж дзвюма краінамі, падкрэсліўшы, што гэтае блакаванне мяжы не з'яўляецца рашэннем афіцыйных уладаў – гэта пазіцыя выключна фермераў.
IAR/PAP/эж