Беларуская Служба

Умацаванні на мяжы з Беларуссю стануць міжнародным праектам

10.07.2024 14:11
Кіраўніцтва Міністэрства абароны Польшчы вядзе цяпер перамовы з партнёрамі з Еўрасаюзу ў гэтай справе.
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Piotr Nowak

Праект «Усходні шчыт» мае шанец стаць міжнароднай праграмай. Кіраўніцтва Міністэрства абароны цяпер вядзе перамовы з партнёрамі з Еўрасаюзу ў гэтай справе, паведаміў намеснік кіраўніка Мінабароны Цэзары Томчык падчас нарады ў Генеральным штабе, прысвечанай рэалізацыі праекта «Усходні шчыт».

За апошнія тыдні адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч з прадстаўнікамі Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, а некалькі дзён таму – перамовы з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам наконт фінансавання праекта.
«Усходні шчыт« – найбуйнейшы праект такога кшталту з часоў Другой сусветнай вайны не толькі ў Польшчы, але і ў Еўропе», – падкрэсліў Цэзары Томчык.

Віцэ-міністр Павал Бэйда сказаў, што ў сумесных дзеяннях, скіраваных на паляпшэнне бяспекі на ўсходняй мяжы Польшчы, а таксама на знешняй мяжы Еўрасаюзу і НАТА, зацікаўленыя галоўным чынам нашы бліжэйшыя суседзі. З імі цяпер таксама вядуцца інтэнсіўныя перамовы, сказаў Павал Бэйда.

Намеснік міністра дадаў, што нават Еўрапейскі інвестыцыйны банк заявіў, што гэтыя меры распаўсюджваюцца на ўсе краіны, якія ў іх зацікаўленыя. «Было б добра, каб краіны, якія мяжуюць з Расіяй, супрацоўнічалі і каардынавалі сваю дзейнасць», – сказаў ён.

Кіраўніцтва Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы таксама паведаміла, што павялічана колькасць вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у патруляванні мяжы з Беларуссю. На падтрымку Памежнай аховы было дэлегавана 8 тысяч салдат. Яшчэ каля 9 тысяч будуць знаходзіцца ў стратэгічным рэзерве. У выпадку пагрозы яны з'явяцца на мяжы на працягу 48 гадзін. На гэтым змены не канчаюцца, паводле заявы начальніка Генеральнага штабу Веслава Кукулы, змяняецца ўся канцэпцыя ўдзелу арміі ў аперацыях на мяжы.

Падраздзяленні Сухапутных войск будуць несці дзяжурства раз у паўгода. На дзяжурства цяпер заступае 18-я механізаваная дывізія, у студзені – 16-я дывізія, а потым – 12-я. «Такі загад мы пакуль даем, але перспектывы аперацыі «Бяспечнае Падляшша» – да 2028 года», – сказаў генерал.
Прадстаўнікі Міністэрства нацыянальнай абароны і Генштабу таксама заявілі, што першыя інвестыцыі, звязаныя з праектам »Усходні шчыт«, будуць рэалізаваны ў першай палове наступнага года. Паўмільёна злотых пойдзе на будаўніцтва інфраструктуры для ўмацавання мяжы. Адначасова армія рыхтуе тэндар на набыццё новай бронетэхнікі для падраздзяленняў, якія дзейнічаюць на мяжы з Беларуссю. Гэта будзе вырашана ў паскораным парадку ў адпаведнасці з тэрміновай аператыўнай неабходнасцю. Машыны з'явяцца на мяжы ў наступным годзе.

Умацаванне мяжы з Беларуссю ў рамках праграмы »Усходні шчыт« таксама будзе азначаць змену ў філасофіі вайскоўцаў, якія нясуць службу на мяжы. Будзе створаны Корпус аховы мяжы, які ў далейшым возьме на сябе ўсе задачы па нясенні службы на ўсходзе. Ідэя стварэння такога корпусу ўзнікла яшчэ падчас ураду »Права і справядлівасць« (ПіС), але цяперашняе кіраўніцтва Міністэрства нацыянальнай абароны сцвярджае, што хоча рэалізаваць гэта хутчэй, чым іх папярэднікі, ужо ў 2028 годзе. Урад ПіС казаў, што гэта будзе рэальна ў 2032 годзе.

ПР/юл