Беларуская Служба

У Польшчы будуць больш строгія ўмовы для замежных студэнтаў

02.08.2024 15:18
Гэта тычыцца атрымання віз і ведання польскай мовы.
Jak wygląda życie zagranicznych studentów na uczelniach w Polsce?
Jak wygląda życie zagranicznych studentów na uczelniach w Polsce?fongbeerredhot/Shutterstock.com

Міністр навукі і вышэйшай адукацыі Дарыюш Вячорак (Dariusz Wieczorek) паведаміў, што праект пастаноў, якія ўзмацняюць візавую сістэму для замежных студэнтаў, амаль гатовы. За дзесяць гадоў у Польшчу прыехала больш за 321 тысяча замежных студэнтаў з амаль двухсот краінаў свету.

Кожны другі студэнт не скончыў першы курс. У кандыдатаў, часцей за ўсё ў прыватныя ВНУ, не правяраецца веданне польскай мовы, не правяраюцца дакументы аб адукацыі.

Міністр навукі Дарыюш Вячорак паведаміў Польскаму радыё, што размаўляў на гэтую тэму з кіраўніком польскай дыпламатыі Радаславам Сікорскім, і ўжо ўзгодненыя канкрэтныя дэталі зменаў у законе.

«Ёсць дамоўленасць, што, па-першае, сістэма, якой кіруе МЗС, візавая сістэма, павінна быць падключана да сістэмы POLON і каб уся інфармацыя пра кожнага замежнага студэнта, які атрымаў візу, правяралася. А па-другое, трэба будзе абмежаваць колькасць ВНУ, якія будуць мець права прымаць замежных студэнтаў», – сказаў кіраўнік Міністэрства навукі.

Дарыюш Вячорак дадаў, што гэта не азначае, што Польшча не хоча прымаць замежных студэнтаў.

«Мы вельмі хочам, каб былі замежныя студэнты, але хочам, каб яны прыехалі і сапраўды вучыліся, а не проста атрымалі візы, а потым нават не прыйшлі ва ўніверсітэт, у які іх набралі. Яны проста з'яўляюцца недзе ў Шэнгенскай зоне. Справа не ў гэтым. Усё павінна быць зроблена сумленна і празрыста», – сказаў міністр.

Цяпер у Польшчу найбольш студэнтаў-замежнікаў прыязджае з Украіны і Беларусі.

IAR/вх