Беларуская Служба

У Польшчы скарачаецца рынак арэндаванай нерухомасці

01.09.2024 16:12
Колькасць прапаноў арэнды кватэр у ліпені знізілася амаль на 8% у параўнанні з чэрвенем - гаворыцца ў справаздачы партала Otodom.
Ілюстрацыйны здымакObraz shuvotanbir70 z Pixabay/CC0

Сёлетні ліпеньскі вынік з'яўляецца самым нізкім у гэтым годзе і практычна супадае з ліпеньскім леташнім. Сярэднія цэны выраслі больш чым на 2% у параўнанні з мінулым годам.

«Мы назіраем хвалю павышанай цікавасці да арэнды ў найбуйнейшых гарадах Польшчы. Аднак, даступная колькасць прапаноў скарацілася ў канцы ліпеня 2024 года і склала 22,2 тысячы, што азначае зніжэнне на -7,9% у параўнанні з папярэднім месяцам. У чэрвені было 24,5 тысячы прапаноў, гэта самы нізкі вынік у гэтым годзе і практычна супадае з паказчыкам ліпеня 2023 года, - гаворыцца ў справаздачы.

Колькасць пошукаў кватэр у арэнду на Otodom за ліпень вырасла на 23%. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца 2-пакаёвыя кватэры плошчай не менш за 40 кв.

Паводле дадзеных, прадстаўленых Otodom «у параўнанні з сітуацыяй у чэрвені прапанова найбольш скарацілася ў Ольштыне (-20%), Кракаве (-17%) і Шчэціне (-13%). У Познані ў тых, хто шукае памяшканне для арэнды, таксама менш выбар», - гаворыцца ў даследаванні.

Паводле звестак Otodom, танней, чым год таму, было зняць кватэру ва Ўроцлаве, дзе цэны ўпалі на 2 працэнты, а таксама ў Гданьску і Лодзі, дзе зніжэнне дасягнула 4-5 працэнтаў.

Самыя дарагія кватэры ў сталіцы. У канцы ліпеня сярэдняя арэнда кватэры ў Варшаве каштавала 5100 злотых. У сваю чаргу ў Кракаве, Уроцлаве і Гданьску трэба плаціць больш за 3000 злотых у месяц. У Познані, Катавіцах і Лодзі сярэднія стаўкі дасягаюць 2100-2500 тысяч злотых. 

Otodom - гэта сайт нерухомасці ў Польшчы, які дазваляе праглядаць і размяшчаць аб'явы аб продажы і арэндзе нерухомасці: кватэр, дамоў і офісаў. Otodom Analytics - гэта набор дадзеных і інфармацыі аб рынку жылля ў Польшчы і каментарыі экспертаў.

PAP/юл