Польшча патрабуе, каб Украіна ўшанавала памяць ахвяр Валынскай разні. Польскія ўлады хочуць эксгумаваць і годна пахаваць палякаў, забітых украінскімі нацыяналістамі падчас Другой сусветнай вайны.
Міністр па еўрапейскіх справах Адам Шлапка (Adam Szłapka) сказаў Польскаму радыё, што гэтае пытанне будзе вырашанае да ўступлення Украіны ў Еўрасаюз.
- Гаворка ідзе пра эксгумацыю, пахаванне і ўшанаванне памяці ахвяр. Я абсалютна перакананы, што да часу ўступлення Украіны ў Еўрасаюз нам удасца завершыць гэтую справу на шляху перамоў. Украінцы выдатна разумеюць, што яны павінны пазакрываць розныя цяжкія справы з такім важным суседам, як Польшча.
Віцэ-прэм’ер, міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што без годнага ўшанавання памяці палякаў, забітых на Валыні, не можа быць гаворкі пра ўступленне Украіны ў ЕС. Прэм'ер-міністр Дональд Туск таксама заявіў, што Украіна павінна адпавядаць пэўным стандартам, у тым ліку культурным, каб далучыцца да супольнасці.
Украінскія нацыяналісты праводзілі этнічныя чысткі на Валыні ў 1943-45 гг. Паводле ацэнак гісторыкаў, у выніку гэтага генацыду загінула каля ста тысяч палякаў.
IAR/нг