Беларуская Служба

Прадстаўніца фонду Ocalenie: Прыпыненне права на прытулак супярэчыць польскаму і міжнароднаму праву

08.02.2025 14:19
Прыпыненне права на прытулак супярэчыць польскаму і міжнароднаму праву. Пра гэта ў эфіры «Польскага радыё» 24 заявіла Анна Сікора з фонду Ocalenie.
Rosjanie do dezinformacji wielokrotnie wykorzystali temat ukraińskich uchodźców.
Rosjanie do dezinformacji wielokrotnie wykorzystali temat ukraińskich uchodźców. Damian Lugowski / Shutterstock.com

Фонд Ocalenie прыняў удзел у грамадскіх слуханнях законапраекта аб узмацненні жорсткасці заканадаўства аб прадастаўленні прытулку. Як адзначыла Анна Сікора (Anna Sikora), кансультацыі істотных зрухаў не прынеслі.

Паводле яе слоў, улада не слухае экспертаў і кіруецца палітычнай воляй. Аднак яна спадзяецца, што кансультацыі паўплываюць на палажэнні, якія тычацца сем'яў з дзецьмі.

У цяперашнім выглядзе закон прызнае ўразлівай групай толькі непаўналетніх без суправаджэння. Фонд імкнецца да таго, каб сем'і таксама прызнаваліся такой групай.

Анна Сікора паведаміла ў эфіры Польскага радыё, што на мяжы з Беларуссю, у тым ліку на пераходзе ў Тэрэспалі, уцекачам гадамі адмаўляюць у прадастаўленні прытулку. «Цяпер урад хоча запісаць гэта ў законе», — сказала прадстаўніца фонду, які працуе з уцекачамі.

— Мы не згодныя з самой ідэяй, што такое права можна прыпыніць. Мы ўважаем гэта за адно з падставовых правоў у свеце, пра гэта таксама гавораць Канвенцыя Жэнеўская, Канвенцыя правоў чалавека, Канстытуцыя Рэспублікі Польшчы. Мы мяркуем, што гэтае палажэнне супярэчыць падставоваму праву і Еўрасаюза, і Польшчы, — кажа Анна Сікора.

Анна Сікора дадала, што, на яе думку, прыпыненне права на прытулак не павялічвае бяспекі Польшчы. Яна адзначыла, што ўцекачы ў любым выпадку патрапяць у краіну нелегальна. Без працэдуры прадастаўлення прытулку ўлады не будуць ведаць, хто яны і адкуль, ці ўяўляюць нейкую пагрозу, бо людзі будуць па-за сістэмай.

Паводле слоў Анны Сікора, Польшча павінна прытрымлівацца існуючага заканадаўства і разглядаць хадайніцтвы аб прадастаўленні прытулку ў адпаведнасці з працэдурамі. 

Прадстаўніца фонду Ocalenie заявіла, што цяпер прыняцце заявы на памежным пераходзе ў Тэрэспалі часта залежыць выключна ад волі памежніка.

Закон аб узмацненні жорсткасці заканадаўства аб прадастаўленні прытулку прадугледжвае, сярод іншага, магчымасць часовага абмежавання права на прытулак.

IAR/вх