Акцыі падтрымкі ў Беластоку праходзяць штомесяц каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку, дзе стаяць шырокафарматныя фотаздымкі журналіста. Удзельнікі таксама прыносяць фота Пачобута і іншых вязняў, ды трымаюць у руках бел-чырвона-белыя сцягі.
Пачобут знаходзіцца пад вартай з 25 сакавіка 2021 года. 8 лютага 2023 года яго прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля беспаспяховага абскарджання прысуду ён знаходзіцца ў наваполацкай калоніі.
Намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі сказаў, што часам актывістам, і асабліва сям'і, удаецца атрымліваць лісты ад Пачобута.
Марэк Занеўскі паведаміў, што ў сваіх лістах Пачобут дзякуе ўсім за штомесячныя акцыі ў Беластоку.
«Анджэй хацеў бы ўсім падзякаваць за гэта, ён вельмі ўдзячны, што праз столькі гадоў нехта ўсё яшчэ памятае пра яго, нехта ўсё яшчэ выступае і кажа, што ён несправядліва знаходзіцца ў турме, як і тысячы іншых палітвязняў», — сказаў Занеўскі.
Пачобут у сваіх лістах піша таксама, што трэба памятаць і змагацца за кожнага палітвязня ў Беларусі.
PAP/яс