Беларуская Служба

Пуцін назваў цікавай прапанову Зяленскага аб расшырэнні „нармандскага фармату”

12.07.2019 11:03
Уладзімір Пуцін: Аб нечым можна будзе гаварыць пасля канчатковага фарміравання новага ўрада Украіны і правядзення выбараў.
Уладзімір ПуцінPAP/EPA/KIRILL KUDRYAVTSEV / POOL

Расія гатова да перагавораў па Украіне ў любым фармаце, але сустрэча павінна быць прапрацавана, а ў Кіеве павінен быць сфарміраваны ўрад. Аб гэтым заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, адказваючы на пытанні журналістаў аб яго рэакцыі на прапанову прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага правесці сустрэчу з удзелам лідараў Германіі, Францыі, ЗША і Вялікабрытаніі, паведамляе БелТА.

„Мы ніколі не адмаўляліся ні ад аднаго з прапанаваных фарматаў, у тым ліку ад расшырэння „нармандскага фармату”, - сказаў Уладзімір Пуцін.

„Але, па-першае, гэты „нармандскі фармат” і сустрэча на вышэйшым узроўні павінны быць добра падрыхтаваны, гэта відавочна. Па-другое, больш ці менш аб нечым можна будзе гаварыць пасля канчатковага фарміравання новага ўрада Украіны і правядзення выбараў у парламент краіны. Па-трэцяе, я не ведаю, як рэагуюць на гэта запрашэнне іншыя ўдзельнікі прапанаванага фармату”, - сказаў Уладзімір Пуцін.

„Мы ніколі не адмаўляліся ад кантактаў, калі яны ідуць на карысць. І гэта прапанова таксама можа быць цікавай”, - адзначыў прэзідэнт РФ.

8 ліпеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі праз Facebook звярнуўся да прэзідэнта Расіі з прапановай сустрэцца ў Мінску пры пасрэдніцтве ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Зяленскага наконт арганізацыі ў Мінску міжнароднай сустрэчы.

аз