Беларуская Служба

Расія і Германія плануюць завяршыць будаўніцтва Nord Stream 2

13.01.2020 11:07
Уладзімір Пуцін дадаў, што газаправод будзе здадзены ў эксллуатацыю да канца 2020 года або ў першым квартале 2021 года.
Angela Merkel i Władimir Putin
Angela Merkel i Władimir PutinFoto: PAP/EPA/PAVEL GOLOVKIN / POOL

Расія і Германія плануюць завяршыць будаўніцтва другой ніткі газаправода Nord Stream 2. Пра гэта ў суботу на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Маскве заявілі кіраўнікі абедзвюх краін.

Уладзімір Пуцін і Ангела Мэркель не згадалі аб адмоўных ацэнках некаторых еўрапейскіх (у тым ліку польскіх) экспертаў, якія лічаць, што другая нітка Nord Stream 2  пагражае энергетычнай бяспецы Еўропы.

Прэзідэнт Расіі прызнаў, што ў сувязі з санкцыямі Вашынгтона заканчэнне будаўніцтва газаправода можа зацягвацца. Уладзімір Пуцін дадаў, што газаправод будзе здадзены ў эксллуатацыю да канца 2020 года або ў першым квартале 2021 года. Ён таксама заявіў, што ў сувязі з санкцыямі ЗША Расія гатовая самастойна і без дапамогі замежных партнёраў завяршыць будаўніцтва Nord Stream 2.

У сваю чаргу Ангела Мэркель заявіла, што Nord Stream 2, нягледзячы на ўсе палітычныя пытанні, у першую чаргу з’яўляецца эканамічным праектам.

Канцлерка Германіі падкрэсліла, што газаправод можна пабудаваць „незалежна ад амерыканскіх санкцый”.

Польшча выступае супраць будаўніцтва Nord Stream 2. На думку польскіх экспертаў, газаправод узмацняе манапалістычную пазіцыю расійскага „Газпрома” на еўрапейскім рынку і ставіць пад пагрозу энергетычную бяспеку Еўрасаюза.

Супраць Nord Stream 2 выступаюць таксама ЗША, якія абвясцілі аб увядзенні эканамічных санкцый супраць кампаній, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі гэтай інвестыцыі.

аз