Беларуская Служба

Новыя беспарадкі выбухнулі на мяжы Грэцыі з Турцыяй

04.03.2020 17:01
Грэцкая паліцыя выкарыстала вадамёты і слезацечны газ, каб разагнаць мігрантаў, якія зноў хацелі прарваць мяжу і трапіць на тэрыторыю Еўразвязу.
  -
Беспарадкі на турэцка-грэцкай мяжыPAP/EPA/DIMITRIS TOSIDIS

Грэцкія ўлады абвінавацілі Турцыю ў распаўсюдзе фальшывай інфармацыі і спробах выклікаць непарадкі.

Некалькі дзён таму Турцыя прывезла аўтобусамі пад мяжу з Грэцыяй тысячы ўцекачоў, абяцаючы ім свабодны доступ да ЕЗ. Грэцыя, аднак, не ўпускае ўцекачоў на сваю тэрыторыю.

Турцыя паведаміла, што грэцкія сілы забілі адну асобу і паранілі пяць іншых. Учора Анкара інфармавала пра смерць трох чалавек. Грэцкія ўлады рашуча абверглі гэтыя паведамленні і вострым тонам абвінавацілі Турцыю ў тым, што яна спецыяльна распаўсюджвае непраўдзівую інфармацыю. Грэцыя таксама сцвярджае, што турэцкае войска дало ўцекачам слезацечны газ для барацьбы з паліцыяй.

Еўразвяз паінфармаваў, што Грэцыя атрымае 700 млн еўра, сем суднаў і два верталёты, самалёт і спецыяльныя тэрмавізійныя аўтамабілі. Дадаткова Еўрапейская агенцтва аховы вышле 100 функцыянераў памежных служб.

Еўразвяз апошнімі днямі паўтарае заклік да Турцыі аб выконванні дамовы, падпісанай чатыры гады таму. Анкара тлумачыць, што не спраўляецца з міграцыйнай хваляй, але скардзіцца таксама на недастатковую фінансавую дапамогу ЕЗ. Турэцкія ўлады выкарыстоўваюць уцекачоў, каб націснуць на Еўропу, чакаючы падтрымкі дзеянняў у Сірыі. Там Анкара праводзіць наступленне супраць сілаў рэжыму ў Дамашку, які падтрымлівае Расія.

ав