“Час працуе супраць газаправоду Паўночны паток-2”. Пад такім загалоўкам Rzeczpospolita апісвае стаўленне да вялізнага эканамічна-палітычнага праекту ў Германіі. Нямецкія ўлады спадзяваліся, што пасля выбараў у ЗША, калі да ўлады прыйшоў Джо Байдэн, удасца выпрацаваць кампраміс з Амерыкай, але амерыканцы не спяшаюцца на яго ісці.
Нямецкі ўрад прапанаваў ЗША пачаць перамовы па пытанні газаправоду. Ідэй было шмат, у прыватнасці, мараторый на запуск трубы да таго часу, пакуль Крэмль не вызваліць Аляксея Навальнага або падпіша перамір’е на Данбасе. Паявілася таксама прапанова, каб увесці механізм, які аўтаматычна стрымліваў бы пастаўкі праз Паўночны паток, калі б Расія спыніла пастаўкі сыравіны праз Украіну. Але перамовы ўсё яшчэ не пачаліся.
Берлінскае лобі, якое падтрымлівае газаправод, зацікаўлена, каб хутка вырашыць пытанне. Справа ў тым, што ў верасні ў Германіі адбудуцца выбары ў парламент. Верагодней за ўсё, не ўдасца сфармаваць урад без удзелу іншых партый, між іншым, Зялёных, якія выступаюць супраць будаўніцтва трубы.
Час важны таксама для Варшавы. Польскі ўрад разлічвае, што ў будучым годзе ўдасца завершыць праект газаправоду Baltic Pipe, па якім у Польшчу будзе паступаць 10 млрд кубоў нарвежскага газу ў год, дзякуючы чаму дзяржава стане незалежнай ад расійскай сыравіны. Аднак для польскіх уладаў абсалютна важнейшае значэнне мае ахова інтарэсаў Украіны. На думку ўкраінскіх уладаў, калі б не рызыка стрымання паставак газу ў Заходнюю Еўропу, Расія магла б сем гадоў таму захапіць значна большую тэрыторыю, чым толькі Крым і Данбас.
нг