Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа падчас выступу на сумесным пасяджэнні парламентаў Польшчы і Літвы, прымеркаванаму 230-гадавіне прыняцця Канстытуцыі 3 траўня, заклікаў разам супрацьстаяць пагрозам Расіі ў дачыненні да Украіны і Беларусі.
- Хачу падкрэсліць, што Літва ніколі не прызнае незаконную анексію Крыма і будзе працаваць над спыненнем фактычнай акупацыі ўсходняй часткі Украіны. Што б ні здарылася, мы не можам дапусціць, каб Украіна зноў сышла ў мінулае.
Прамаўлячы ў польскім Сейме літоўскі лідар Гітанас Наўседа таксама заявіў, што Расія намагаецца падпарадкаваць сабе Беларусь:
-Важную ролю ў гэтым працэсе мае небяспечная Астравецкая АЭС, якая прадстаўляе небяспеку для ўсіх жыхароў рэгіёну. Я казаў і кажу, што мы цэнім суверэнітэт Беларусі і ніколі не пагодзімся з тым, каб энергетыка стала геапалітычнай зброяй, якая ператварыла Беларусь у закладніцу крамлёўскай палітыкі.
Гітанас Науседа падкрэсліў, каб краіны рэгіёну маглі свабодна развіваць свае дэмакратычныя памкненні, спатрэбіцца дакладнае бачанне Усходняга партнёрства Еўрапейскага Звязу. Урокі мінулага паказваюць, што «перад тварам агрэсіі з боку варожай сілы неабходна абʼяднацца і мабілізаваць уласныя сілы, пакуль не стала занадта позна».
3 траўня ў Польшчы адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Зараз з гэтай нагоды ў Варшаву дзеля перамоваў і ўдзелу ў святочных урачыстасцях прыбываюць таксама прэзідэнты Латвіі, Эстоніі і Украіны.
iar/эж