Беларуская Служба

10 забітых, 30 параненых. Аўтамабіль уехаў у натоўп у Новым Арлеане

01.01.2025 16:47
Тэлеканал CNN паведамляе са спасылкай на паліцыю, што нападнік забіты.
Аўтамабіль уехаў у натоўп у Новым Арлеане Gerald Herbert/Associated Press/East News

Дзесяць чалавек загінулі і 35 атрымалі раненні, калі аўтамабіль заехаў у натоўп на скрыжаванні вуліц Канал-стрыт і Бурбон-стрыт у Новым Арлеане ў першыя гадзіны Новага года, паведамляе NOLA Ready, гарадское агенцтва па забеспячэнні гатоўнасці да надзвычайных сітуацый.

Раней паліцыя Новага Арлеана заявіла, што ў сераду меў месца інцыдэнт з вялікай колькасцю ахвяр, у тым ліку са смяротным зыходам. NOLA Ready рэкамендавала людзям трымацца далей ад гэтага раёна. Агенцтва паведаміла, што пацярпелыя былі дастаўлены ў пяць мясцовых бальніц.

Інцыдэнт адбыўся ў канцы імпрэзы Новага года ў Новым Арлеане і за некалькі гадзін да пачатку чвэрцьфіналу футбольнага турніру AllState Bowl, які праводзіцца ў Caesars Superdome і на якім чакалася прысутнасць тысяч гледачоў.

Начальнік паліцыі Эн Кіркпатрык заявіла, што кіроўца наўмысна пратараніў натоўп. «Гэты чалавек спрабаваў збіць як мага больш людзей. Ён быў апантаны ідэяй учыніць бойню, што ён і зрабіў». Паводле яе, зламыснік страляў у паліцыянтаў і параніў дваіх з іх. Тэлеканал CNN паведамляе са спасылкай на паліцыю, што нападнік забіты.

Федэральнае бюро расследаванняў (ФБР) паведаміла, што расследуе напад у Новым Арлеане як «акт тэрарызму». Заява з'явілася пазней у афіцыйным акаўнце ведамства ў сацсетцы X.

voa/iar/dw/эж