Беларуская Служба

Зяленскі ў Грузіі: Расійскія войскі на нашых межах з'яўляюцца пагрозай для ўсяго кантынента

19.07.2021 18:16
Зяленскі быў на лініі размежавання з сепаратысцкай Абхазіяй і выступіў на міжнароднай канферэнцыі ў Батумі.
Сцяг Украіныjorono/pixabay.com/CC0

Наяўнасць расійскіх войскаў і ўзбраенняў на межах Украіны, Грузіі і Малдовы зʼяўляецца пагрозай не толькі для гэтых краін, але і для ўсяго еўрапейскага кантынента, – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які наведвае Грузію ў панядзелак.

Зяленскі быў на лініі размежавання з сепаратысцкай Абхазіяй і выступіў на міжнароднай канферэнцыі ў Батумі.

«Калі Брусель не дэманструе жалезнай падтрымкі еўрапейскім памкненням нашых трох краін (Украіны, Грузіі, Малдовы), то хтосьці дэманструе жалезныя мышцы сваёй зброі на нашых трох дзяржаўных межах. І гэта, на мой погляд, не зʼяўляецца пагрозай толькі для нашых трох краін, але і для ўсяго кантынента», – сказаў Зяленскі ў Батумі.

Падчас міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай у горадзе, прэзідэнт Украіны таксама спаслаўся на ініцыятыву «Усходняе партнёрства». «У снежні павінен адбыцца чарговы саміт «Усходняга партнёрства». Гэта вельмі важна, але адсутнасць стратэгічнага бачання мэтаў «Усходняга партнёрства» з боку ЕС азначае, што гэты фармат не такі прадметны, ён паўжывы. Нам не патрэбны саміт дзеля саміту», – сказаў ён.

«Тут людзі паміраюць, у нас вайна. Нам неабходна палітычнае выкананне і геапалітычнае бачанне будучыні гэтай ініцыятывы. У адваротным выпадку, шчыра кажучы, мы наогул не разумеем мэтанакіраванасці гэтага (саміту)», – заявіў Зяленскі. Наступны саміт, дадаў ён, павінен паказаць бачанне адносін з партнёрамі з ЕС.

ав