Беларуская Служба

Фэйсбук мяняў алгарытмы, каб распачаць «грамадзянскую вайну» ў інтэрнэце

26.10.2021 14:33
У якасці прыкладу краіны, якая павінна была стаць ахвярай такой стратэгіі, была прыведзена Польшча.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Фэйсбук быў адказным за «сацыяльную грамадзянскую вайну» ў Польшчы падчас выбарчай кампаніі 2019 года, паведамляе NBC News. Інфармацыя была раскрытая ў рамках уцечкі ўнутранай перапіскі з найбуйнейшай у свеце сацыяльнай сеткай.

Фэйсбук, якім штомесяц карыстаюцца амаль 3 мільярды карыстальнікаў, сутыкаецца з адным з найбуйнейшых іміджавых крызісаў у гісторыі кампаніі. 17 амерыканскіх СМІ апісваюць «дакументы Фэйсбука», гэта значыць унутраныя дакументы кампаніі і зносіны паміж супрацоўнікамі парталу.

У 2018 годзе Фэйсбук абнавіў алгарытм сцяны, дзякуючы чаму большы акцэнт рабіўся на каментары і адказы на паведамленні. Пасля змены алгарытму тры гады таму распаўсюджваць дэзінфармацыю і скандальныя пасты стала лягчэй. Мэтай было распачаць «грамадзянскую вайну» ў інтэрнэце. У якасці прыкладу краіны, якая павінна была стаць ахвярай такой стратэгіі, была прыведзена Польшча.

«Палітычныя партыі па ўсёй Еўропе кажуць, што змена алгарытму Фэйсбука ў 2018 годзе змяніла характар палітыкі. У горшы бок», – напісаў адзін з супрацоўнікаў Facebook ва ўнутраных камунікацыях у красавіку 2019 года.

NBC News нагадала, што выбарчая кампанія 2019 года ў Польшчы была сканцэнтравана на моцнай палярызацыі асноўных палітычных партый, далейшым развіцці сацыяльнай дзяржавы, адносінах з Еўрасаюзам і правах ЛГБТ+-супольнасці.

Унутранае даследаванне Фэйсбука ў 2019 годзе паказала, што пасля змены алгарытму паведамленні, якія выклікалі найбольшую рэакцыю, вылучаліся на сцяне сайта. Такім чынам, запісы з дэзінфармацыяй былі найбольш віруснымі.

У заяве ў пятніцу Фэйсбук падкрэсліў, што не адчувае адказнасці за стварэнне падзелаў у сучасным свеце і што разнастайныя праблемы і палярызацыя нарасталі дзесяцігоддзямі, задоўга да Фэйсбука.

ав/RadioZet