Пагроза чарговага расійскага ўварвання ва Украіну будзе галоўнай тэмай двухдзённай сустрэчы міністраў абароны краін НАТА, якая пачынаецца сёння ў Бруселі. Генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг заявіў учора, што мы маем справу з самым сур'ёзным крызісам бяспекі ў Еўропе за апошнія дзесяцігоддзі.
Тэму працягвае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка:
- Кіраўнік НАТА сказаў, што Расія сабрала ва Украіне і вакол яе найбольшую колькасць вайскоўцаў пасля заканчэння халоднай вайны. «Усё гатовае да наступу», – сказаў Енс Столтэнберг, падкрэсліваючы, што Расія заплаціць высокую цану за чарговае ўварванне ва Украіну. «З Масквы паступаюць сігналы аб прадаўжэнні дыпламатычных перамоў. Гэта дае падставу для асцярожнага аптымізму, але прыкмет дээскалацыі пакуль няма», – дадаў ён. Амбасадар ЗША ў НАТА Джуліяна Сміт заявіла, што міністры абмяркуюць магчымасці ўзмацнення сілаў на ўсходзе альянсу. «Цяпер альянс знаходзіцца ў такой сітуацыі, калі краіны-члены лічаць, што неабходна ўмацаваць усходні фланг НАТА», – дадала яна. Сёння хаўруснікі будуць размаўляць паміж сабой, а заўтра сустрэнуцца з міністрамі абароны Швецыі і Фінляндыі, а таксама Грузіі і Украіны.
IAR/аз