Беларуская Служба

Краіны G7 разглядаюць магчымасць практычна поўнай забароны экспарту ў Расію

22.04.2023 12:13
Канчатковае рашэнне аб гандлі з Расіяй павінна быць прынята на саміце лідараў G7 у Хірасіме ў маі.
Ілюстрацыйнае фотаEPA/KIMIMASA MAYAMA Dostawca: PAP/EPA.

Краіны G7 разглядаюць амаль поўную забарону на экспарт у Расію ў рамках больш жорсткага рэжыму санкцый супраць Масквы, паведаміла японскае інфармацыйнае агенцтва Kyodo News.

Сёлета групу сямёркі найбагацейшых краін свету ўзначальвае Японія. Канчатковае рашэнне аб гандлі з Расіяй павінна быць прынята на саміце лідараў G7 у Хірасіме ў маі. Адной з ключавых тэм перамоў таксама будзе пашырэнне падтрымкі Украіны і ўзмацненне санкцыйнага ціску на Крэмль.

Пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны краіны G7 прыпынілі экспарт у Расійскую Федэрацыю многіх тавараў, у тым ліку прадукцыі ваеннага прызначэння і прадметаў раскошы. На дадзены момант рыхтуюцца прапановы аб новых абмежаваннях, і санкцыі могуць быць распаўсюджаны на гандаль патрыманымі аўтамабілямі, шынамі, касметыкай і адзеннем.

У саміце G7, які пройдзе 19-21 мая, возьмуць удзел лідары ​​Вялікабрытаніі, Канады, Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і ЗША, а таксама прадстаўнікі Еўрасаюза.

ПР/юл