Беларуская Служба

Еўрасаюз зацвердзіў 11-ы пакет санкцый супраць Расіі

21.06.2023 16:05
Амбасадары краін ЕС пагадзіліся з адзінаццатым пакетам санкцый супраць Расіі. Ён быў прыняты пасля амаль двухмесячных перамоваў.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneFoto: Amani A/Shutterstock

Абмежаванні ўступяць у сілу пасля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЕС. Гэта самы доўга абмяркоўваны пакет абмежаванняў у дачыненні да Расіі, хоць і не самы моцны. Яны накіраваны ў першую чаргу на барацьбу з абыходам існуючых абмежаванняў і ліквідацыю прабелаў.

Адзінаццаты пакет санкцый супраць Расіі суправаджаецца так званым «чорным спісам» з забаронай на ўезд у Еўрасаюз і заблакаванымі актывамі ў Еўропе.

За выкраданне ўкраінскіх дзяцей і вываз іх у глыб Расіі, дзе адбываецца прымусовае ўсынаўленне, адказнымі выяўленыця 23 чалавекі. Спіс пакуль сакрэтны і будзе вядомы пасля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЕС. Але вядома, што ў яго ўваходзяць прадстаўнікі ўладаў расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку Стаўрапольскага краю, Калужскай, Белгарадскай, Варонежскай абласцей, а таксама Татарстана і Чачні. Таксама ёсць прадстаўнікі фонду, адказнага за прымусовую дэпартацыю дзяцей з акупаванага Данбасу, або паплечнікі расійскай упаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай, якую Міжнародны крымінальны суд у Гаазе абвінаваціў у ваенных злачынствах і выдаў ордар за яе арышт. Акрамя таго, у спіс увайшлі, у тым ліку, прапагандысты і суддзі, якія выносяць прысуды на палітычных працэсах.

Калі гаварыць пра эканамічныя санкцыі, то 11-ы пакет уключае, у тым ліку, пашыраную забарону на перавозку паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Расіі, на чым настойвала Польшча. Існуюць таксама дадатковыя абмежаванні на імпарт і экспарт. Па просьбе Варшавы ў гэты пакет увайшлі таксама палажэнні, якія тычацца паўночнага ўчастка нафтаправода «Дружба», які ідзе ў Польшчу і Германію.

У санкцыйным пакеце не будзе абмежаванняў у гандлі з краінамі, якія не ўваходзяць у ЕС, якія дапамагаюць Расіі ў вайне ва Украіне. Санкцыі закрануць канкрэтных асоб і кампаніі з гэтых краін. Забароны на заход судоў у парты ўжо няма, але ёсць патрабаванне пільна сачыць за пагрузкамі тавараў.

IAR/вх