Беларуская Служба

Еўракамісія пералічыць Украіне чарговы транш дапамогі ў памеры 1,5 мільярда еўра

22.06.2023 15:01
Згаданыя сродкі прызначаныя, у тым ліку, на выплату пенсій і заробкаў, або на функцыянаванне бальніц і школ.
K
Kіраўнічка Еўракамісіі Урсула фон дэр ЛяенPAP/EPA/ANDY RAIN / POOL

Сёння Еўрапейская камісія выдзеліць Украіне яшчэ 1,5 мільярда еўра, паведаміла ў Твітэры старшыня камісіі Урсула фон дэр Ляен. «Мы дапамагаем падтрымліваць функцыянаванне паслуг і інфраструктуры ва Украіне, якая мужна змагаецца за свабоду», – напісала кіраўнічка Еўракамісіі.

Згаданыя сродкі прызначаныя, у тым ліку, на выплату пенсій і заробкаў, або на функцыянаванне бальніц і школ. Гэта пяты транш пакета вельмі танных крэдытаў на гэты год у агульным памеры 18 мільярдаў еўра. Чарговую выплату ўлады ў Кіеве атрымаюць у ліпені.

У адпаведнасці з дамоўленасцямі краін ЕС, сёлета грошы пералічваюцца ў выглядзе рэгулярных штомесячных выплат. «Будзе яшчэ больш. Мы прапанавалі працягнуць фінансавую падтрымку да 2027 года», – напісала Урсула фон дэр Ляен.

Гаворка ідзе пра прапанаванае два дні таму стварэнне спецыяльнага фонда для Украіны ў памеры 50 мільярдаў еўра на чатыры гады. Гэта менш, чым чакалася.

Камісія лічыць, што дапамагчы павінны таксама заходнія краіны і міжнародныя інстытуты.

IAR/аз